Паўднёвая Асеція паставіла на паўзу ўваходжанне ў РФ

Паўднёвая Асеція паставіла на паўзу ўваходжанне ў РФ

Па сутнасці, Паўднёвай Асеціі яшчэ раней перахацелася ўваходзіць у склад РФ. Але ў апошнія дні свайго «прэзідэнцтва» кіраўнік непрызнанай рэспублікі Анатоль Бібілаў прызначыў на 17 ліпеня рэферэндум па ўваходжанні Рэспублікі Паўднёвая Асеція ў склад Расіі. Аднак нешта пайшло не так.

«Нам, вядома, трэба спытаць меркаванне народа, гэта значыць зрабіць так, каб народ выказаў сваё стаўленне да таго, каб увайсці ў склад Расеі», – заяўляў Бібілаў. Ён пераконваў, што гэта «не вельмі цяжка зрабіць» і магчыма зрабіць не зацягваючы. Бо, паводле яго слоў, аб’яднанне з РФ з’яўляецца стратэгічнай мэтай Паўднёвай Асеціі.

Падобна, што гэты новы тэрытарыяльны здабытак павінен быў стаць запасным варыянтам перамогі для расейцаў, гэткім Крымам 2.0. Але, узважыўшы ўсё за і супраць, Крэмль даў асяцінам выразны сігнал: не спяшайцеся. 

«Калі сур’ёзна да гэтага падыходзіць, то юрыдычна трэба ўсё ж такі дапрацаваць гэтае пытанне. Таму што, калі мы правільна разумеем, юрыдычна сфармуляванае пытанне для рэферэндуму як аб’яднанне Рэспублікі Паўднёвая Асеція і Расеі, гэта значыць юрыдычна гэта такі нейкі казус», — заявіў афіцыйны прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітры Пяскоў 24 траўня.

Ён патлумачыў, што, калі пытанне ставіцца як аб «аб’яднанні», то гаворка ідзе пра стварэнне трэцяй дзяржавы. Акрамя таго, Пяскоў падкрэсліў, што РФ не робіць і не рабіла ніякіх крокаў, звязаных з рэферэндумам, які абмяркоўваецца цяпер у Паўднёвай Асеціі.

Таму нядзіўна, што ўжо 30 траўня новаабраны «прэзідэнт» Паўднёвай Асеціі Алан Гаглоеў прыпыніў указ Бібілава аб рэферэндуме аб уваходжанні «рэспублікі» ў склад Расеі. Гаглоеў падкрэсліў, што «вырашаць праблемы Паўднёвай Асеціі ў аднабаковым парадку, парушаючы пры гэтым законныя правы і інтарэсы Расеі, недапушчальна», і распарадзіўся «неадкладна правесці з расейскім бокам кансультацыі па ўсім комплексе пытанняў, звязаных з далейшай інтэграцыяй Рэспублікі Паўднёвая Асеція і Расейскай Федэрацыі». . А да завяршэння кансультацый пытанне рэферэндуму будзе замарожанае.

Што ж, своечасовае рашэнне, калі ўлічыць, што ў расейцаў магчымае далучэнне Паўднёвай Асеціі, мякка кажучы, не выклікае захаплення. Крамлёўская прапаганда не рыхтуе іх да гэтага. Пасля паўтара дзясятка гадоў уліванняў сотняў мільярдаў рублёў у датацыйны рэгіён яго ўваходжанне ў склад РФ не даставіць расейцам ніякага новага задавальнення. Ды і ў самой Паўднёвай Асеціі ўсё больш людзей разумеюць, што прыходзіць час выходзіць з РФ, а не наадварот.

Корреспондент

Leave a Reply