Як не стаць «рускім»?
Яшчэ гарыць агонь супраціву ў эрзянскім народзе, яшчэ не канчаткова перарабілі эрзян і мокшу ў «мордву» з прыцэлам у канчатковай стадыі ператварыць у звычайных «рускіх». Яшчэ знаходзяцца інтэлігенты, якія заяўляюць насуперак дзяржаўнай лініі: «Мы асобныя, мы самабытныя, мы не збіраемся забывацца на сваю мову, звычаі і культуру! Душа нашага народа патрабуе свабоды самавыяўлення, мы не задаволімся фальклорнымі калектывамі і выставамі прыкладной народнай творчасці! Мы будзем змагацца».
Як жа змагаецца народ эрзя і іншыя фіна-вугорскія народы? Што ён можа зрабіць у цісках рэпрэсій і абгароджаны частаколам антыапазіцыйных законаў? Адміністрацыйны пратакол на астранамічную для сярэднестатыстычнага небагатага інтэлігента суму, другі пратакол, крымінальная справа «за дыскрэдытацыю» — немудрагелістая і жорсткая схема абломвання нязгодных.
Пралетарскі раённы суд г. Саранска ўчора, 21 лістапада, прызнаў эрзянскую актывістку Надзею Радзівонаву вінаватай у «дыскрэдытацыі» арміі (частка 1 артыкула 20.3.3 КаАП РФ) і аштрафаваў на 30 000 рублёў. Адміністрацыйная справа заведзена за публікацыю відэароліка са зваротам эрзянскага пісьменніка Яўгена Чацвяргова (Нуяня Відзяза) да эрзянскага нацыянальнага з’езда, які праходзіў у Эстоніі. Надзея Радзівонава — вядучы метадыст у дзяржаўнай бюджэтнай установе культуры «Рэспубліканскі Дом народнай творчасці». Паводле яе слоў, ёй бы «хацелася, каб захаваўся эрзянскі народ, мова і культура, каб нашыя дзеці і ўнукі ведалі, што ёсць такі народ, мова. Бо мова знікае. Сэрца баліць ад таго, што мы знікаем».
Радзівонава не змагла адказаць на пытанне, як яна мае намер аплаціць штраф, калі рашэнне суда ўступіць у законную сілу. Па словах актывісткі, яе пенсія – крыху больш за 8 500 рублёў. Яна вельмі спадзяецца, што грамадскасць і тыя, хто адносіць сябе да Эрзянь Мастар, і проста прыстойныя людзі Рэспублікі Мардовія любой нацыянальнасці — дапамогуць са зборам грошай на выплату езуіцкага штрафу, які амаль у тры разы перавышае яе пенсію. Бо тут не трэба ніякага геройства, нават агалоскі не трэба, проста моўчкі любым спосабам пералічыць грошы. Магчыма, для кагосьці гэта стане першым крокам да ўсведамлення сваёй пазіцыі ў нацыянальным пытанні. Камусьці з эрзян ці прадстаўнікоў іншых фіна-вугорскіх народаў РФ трэба ўзяць на сябе арганізацыю гэтага мерапрыемства і правесці яго акуратна, прадумана, з падстрахоўкай. З матывацыяй «з жалем да пажылога чалавека, калегу, якая дапусціла прыкры пралік». Тут няма нічога ганебнага, такая фармулёўка прымальная ў барацьбе з імперскім левіяфанам, ды і ваеннай хітрасці ніхто не адмяняў. Галоўнае — захаваць байца, які падняўся ў атаку.
«Падумаеш, падзея!» — скажа нехта абыякавы. Але ж гэта, па сутнасці, учынак эрзянскага Данко. Такія людзі, як Н. Радзівонава і Я. Чацвяргоў, прыносяць сябе ў ахвяру, каб абудзіць спячых, якія не здолелі самастойна зразумець мэт і значэння барацьбы. Хтосьці павінен асвятліць дарогу да свабоды. Давайце ўспомнім прадстаўніка яшчэ аднаго героя фіна-вугорскага народа — удмурцкага вучонага Альберта Разіна, які 10 верасня 2019 г. у знак пратэсту супраць палітыкі русіфікацыі здзейсніў самаспаленне каля будынка Дзяржаўнай рады Удмуртыі. Эх, не збераглі байца!
Яго ахвяра не знікла дарма — ён стаў жывой паходняй, якая разганяе змрок імперскага прыгнёту. Яго памятаюць, будуць памятаць, колькі б не працягвалася барацьба за нацыянальнае вызваленне. Але мне хочацца, каб гарэлі імперскія расейскія суды, ваенкаматы, аддзелы паліцыі і іншыя органы кіравання — сімвалы прыгнёту эрзян, а не лепшыя прадстаўнікі народа, які стаіць перад пагрозай знікнення.
Ёсць сярод эрзян людзі, якія гатовы змагацца і не схіляць галавы. Яны паднімаюць паходню пратэсту і ў РФ, і за мяжой, ваююць з імперыяй і словам, і зброяй. Іх нямала, але для дасягнення крытычнай масы трэба больш. Такія адэпты нацыянальнай свабоды, як Н. Радзівонава і Я. Чацвяргоў, стануць прыкладам для стварэння ядра нацыянальных інтэлігентаў, якія ставяць надзённыя пытанні на ўсіх легальных трыбунах. А потым можна пашыраць круг эрзян, якія з разуменнем і свядомасцю патрабуюць адказ на пастаўленыя пытанні. Ідэі А. Разіна, Н. Радзівонавай і А. Чацвяргова павінны прыцягваць максімальную колькасць аднадумцаў, кажучы мовай класікаў — «авалодваць масамі».
Апазіцыйны цэнтр барацьбы ўжо існуе, паўтара месяца таму ў эстонскім горадзе Отэпя адбыўся Эрзянскі нацыянальны з’езд, скліканы ва эміграцыі праз узмацненне рэпрэсій у Расеі. Падчас з’езду дэлегаты прынялі пастановы аб новых мэтах і задачах нацыянальнага руху, якія ўключаюць барацьбу за незалежнасць, зацвярджэнне жаданых межаў, а таксама ключавыя прынцыпы пабудовы новай дзяржаўнай адукацыі. Пра гэта заявіў інязор эрзян Сырэсь Баляень. Створаны нацыянальныя прадстаўнічыя органы (Кірдыюр), якія ўзначальваюцца асабіста галоўным старэйшынай (інязорам). Папулярызацыя рашэнняў з’езда — непасрэдная задача ўнутрырасейскай эрзянскай апазіцыі. Працягваючы жывую нітку паміж урадам Эрзянь Мастар у экзіле і фіна-вугорскай патрыятычнай інтэлігенцыяй у РФ, эрзяне знаходзяць новую зброю ў барацьбе за нацыянальнае выжыванне ў сучасных умовах.
Скончыць нашу гутарку хочацца заклікам да эрзян і іншых фіна-вугорскіх народаў, якія пражываюць на тэрыторыі, якая кантралюецца РФ: «Эрзяне, макшане, удмурты, не станавіцеся рускімі! Змагайцеся за права быць сабой! Любым спосабам падтрымлівайце адзін аднаго ў барацьбе! Ваша справа правая, перамога будзе за вамі!»
Leave a Reply