«Падзенне ўжо ў працэсе»: штраф у 40 тыс. рублёў за заклікі зрынуць «рускі рэйх»
Суддзя Пралетарскага раённага суда Саранска Дзмітрый Лазараў наклаў штраф у памеры 40 тыс. рублёў на галоўнага старэйшыну эрзянскага народа Сырэся Баляеня. Пра гэта расказваюць «Idel.Рэаліі».
Згодна з рашэннем суда, Сырэсь Баляень учыніў адміністрацыйнае правапарушэнне па ч. 1 арт. 20.3.3. КаАП РФ, калі запісаў відэазварот «Як ты набліжаў падзенне Рускага рэйха?» і выклаў яго на YouTube.
Відэаролік быў адпраўлены ў Федэральную бюджэтную ўстанову Мардоўскай лабараторыі судовай экспертызы Міністэрства юстыцыі Расейскай Федэрацыі для праходжання псіхолага-лінгвістычнай экспертызы.
«У названым матэрыяле змяшчаецца аўдыёвізуальны шэраг, накіраваны на дыскрэдытацыю выкарыстання Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі ў мэтах абароны інтарэсаў Расейскай Федэрацыі і яе грамадзян, падтрымання міжнароднага міру і бяспекі», — вынікае з пастановы суда.
У сваім рашэнні суд спасылаецца на ч.1 ст.2.6 КаАП РФ, паводле якой замежныя асобы, асобы без грамадзянства і замежныя юрыдычныя асобы, якія здзейснілі на тэрыторыі РФ адміністрацыйныя правапарушэнні, падлягаюць адміністрацыйнай адказнасці на агульных падставах.
«Хачу спытаць у Дзмітрыя Лазарава: ён сам верыць у тое, што Украіна — гэта тэрыторыя РФ? Калі так – няхай прыязджае, разам праедзем у Пралетарскі раённы суд Саранска. Калі суддзя сам усведамляе, што Масква не кантралюе тэрыторыі, прапісаныя ў канстытуцыі РФ — падзенне Рускага рэйха ўжо ў працэсе», — пракаментаваў рашэнне суда Сырэсь Баляень.
Leave a Reply