«Яны думаюць, ці адпусцяць іх ці не адпусцяць, у іх нават няма думкі аб тым, што за свабоду трэба змагацца»: украінец аб прадстаўніках карэнных народаў РФ
Сярод расейскіх палонных ва Ўкраіне высокі працэнт прадстаўнікоў карэнных народаў РФ. Украінцы па змаўчанні спрабуюць будаваць з імі камунікацыю як з сабе падобнымі, але адразу бачаць, што гэтыя людзі нейкія зусім іншыя – і справа не ў разрэзе вачэй, а ў псіхалогіі. У чым праблема? Пра гэта распавёў каардынатар праекта МУС Украіны «Шукай сваіх» Уладзімір Золкін.
«Ведаеце, не хацелася б нікога крыўдзіць, але ў зносінах з імі я разумею, што не трэба спрабаваць успрымаць іх мысленне, як мы прызвычаіліся ўспрымаць чалавечае мысленне ў прынцыпе. Яны не будуць аналізаваць, яны не будуць супастаўляць факты, яны не будуць рабіць нічога – яны так прывыклі. Іх загналі ў рабства, і гэта сапраўды зомбі-рабы – яны ж так жывуць», – кажа ўкраінец.
Ён распавядае, што стасуецца не толькі расейцамі са славянскай знешнасцю, але і з расейцамі, якія самі кажуць: «я не рускі, я марыец», «я дагестанец», «я бурат» і г.д.
«Апошнім часам я ў кожнага з іх пытаюся: «Слухай, у вас жа самадастатковы рэгіён – ці не хацелі б вы сысці з гэтага рабства?» Усе яны прызнаюць, што Расея іх доіць банальна, і ўсе мне адказваюць адну і тую ж рэч, проста сапраўды нібыта па шаблоне: «Нас так проста не адпусцяць, таму што ў нас багаты рэгіён». Сэнс не ў тым, што багаты рэгіён, сэнс у тым, што ў іх нават думкі няма пра тое, што за свабоду трэба змагацца, – яны думаюць, адпусцяць іх ці не адпусцяць. Разумеючы, што іх не адпусцяць, яны разумеюць, што дадатковыя нейкія дзеянні тут бессэнсоўныя», – тлумачыць Золкін.
Leave a Reply