Сібірская пракуратура правяла дзіцячы конкурс «Не вайне», але ў ім ніхто не перамог
Да Міжнароднага дня абароны дзяцей, які адзначаецца 1 чэрвеня, Упраўленне Генеральнай пракуратуры па Сібірскай федэральнай акрузе РФ правяло конкурс дзіцячага малюнка і нарысу па тэмах «Не вайне» і «Ніхто не забыты, нішто не забыта» адпаведна.
Нагадаем, што з пачатку сакавіка, праз тыдзень пасля ўварвання Расеі ва Ўкраіну, расейскія ўлады ўвялі пакаранне за «фейкі» аб расейскім войску і яго «дыскрэдытацыю» і сталі масава штрафаваць жыхароў РФ, якія выступаюць супраць вайны. Для гэтага дастаткова публічна заявіць «Не вайне» ці «Нам патрэбен мір».
Аднак пракуратура выкруцілася, заявіўшы, што ўсе ўдзельнікі конкурсу жадаюць міру на вялікай планеце Зямля.
«Міжнародны дзень абароны дзяцей – гэта заклік да ўсіх людзей нашай вялізнай планеты Зямля: дзеці маюць права на шчаслівае і мірнае дзяцінства і забяспечыць яго – абавязак дарослага насельніцтва нашай планеты», – гаворыцца на сайце ведамства.
(Украінскія дзеці, якія загінулі або страцілі бацькоў падчас вайны, якую ў падуладных Крамлю СМІ называюць спецаперацыяй, відаць, дзецьмі не лічацца.)
У пракуратуры не сталі вызначаць пераможцаў конкурсу, заявіўшы, што «зачараваныя вельмі многімі працамі». У рэшце рэшт, удзельнікам вырашылі ўручыць «невялікія падарункі з сімволікай 300-годдзя ўтварэння расейскай пракуратуры».
Leave a Reply