Рубрыка: Развал Расеі
#RussiaDesintegration#РазвалРасеі
Матэрыялы падрыхтавала Ліза Туманава.
«Армія Ўкраіны складаецца з людзей, што змагаюцца за свае ідэалы і самастойна прымаюць рашэнне на полі бою. Армія Расеі складаецца з пазбаўленых волі і права голасу марыянетак у руках генералаў. Армія Ўкраіны складаецца з воінаў, а армія Расеі — з салдат », — Юлія Латыніна.
Рэаліі вайны
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Ўкраіну страты асабовага складу РФ склалі каля 31 900 чалавек.
Улада ў многіх рэгіёнах закупляюе сотні магіл для грамадзян, чые пахаванні не могуць аплаціць сем’і. Закупак такога маштабу ў ранейшыя гады не было, што сведчыць аб масавай гібелі расейцаў на вайне ва Ўкраіне.
Узброеныя Сілы Ўкраіны ліквідавалі генерал-маёра ВС РФ Рамана Кутузава. Інцыдэнт здарыўся ў раёне населенага пункта Мікалаеўка Папаснянскага раёна так званай ЛНР. Расея прызнала гібель на вайне ўжо чатырох генералаў, але іх можа быць значна больш, бо Расея ў прынцыпе хавае рэальныя страты.
Вайна ва Ўкраіне абыходзіцца Расеі штодня ў 20 млрд рублёў. Да прыкладу, гэта гадавы бюджэт Екацярынбурга ці Навасібірска.
На лініі баявога судотыку ў Запарожскай вобласці адбыўся абмен целамі загінулых вайскоўцаў паміж РФ і Украінай – 160 на 160 чалавек.
Мінабароны РФ уключыла экіпаж патанулага крэйсера “Масква” ў пералік “удзельнікаў спецыяльнай ваеннай аперацыі”. Але не само судна.
Каля 500 байцоў нацгвардыі з Кабардзіна-Балкарыі вярнуліся ў Расею з Украіны пасля таго, як трапілі там пад абстрэл. Жадаючых з’ехаць папярэджвалі, што калі яны вернуцца ў Расею, “будуць лічыцца ваеннымі злачынцамі”.
Ваенны пракурор Заходняй акругі Артур Ягіеў паведаміў, што ў спецаперацыі ва Ўкраіне ўдзельнічалі каля 600 салдат тэрміновай службы.
Ваенкаматы па ўсёй Расеі выклікаюць павесткай “для ўдакладнення звестак” мужчын, што знаходзяцца ў запасе. Гэта дадатковы канал вярбоўкі на вайну і зверка спісаў на выпадак усеагульнай мабілізацыі.
Ва Ўладзівастоку невядомы кінуў да дзвярэй ваенкамата Ленінскага і Фрунзенскага раёнаў падпаленую анучу. Гэта ўжо 18-ы па ліку ваенкамат, які падпалілі на тэрыторыі РФ.
Сайты “Сеткі гарадскіх парталаў” выдалілі старонкі з афіцыйнымі спісамі землякоў, якія загінулі падчас “спецаперацыі” ва Ўкраіне. Расейскі суд па зыску ваеннай пракуратуры прызнаў падобную інфармацыю на адным з парталаў сеткі “забароненай”.
“Калі мы гаворым аб расейскіх ваенных падраздзяленнях, якія вядуць агонь па ўкраінскім баку, – гэта і ёсць мэты. Усё адно, дзе яны размешчаны – ва Ўкраіне або ў Расеі”, – растлумачыў былы пасол ЗША ва Ўкраіне Уільям Тэйлар.
Хуткага рэферэндуму “па-крымску” Ў Херсоне і Запарожжы не атрымаецца – яго адклалі да восені, паколькі ў Маскве не ўпэўненыя, што атрымаецца абараніць захопленыя тэрыторыі, не пайшоўшы на кампраміс з Кіевам.
Суд у так званай ДНР асудзіў на смяротнае пакаранне траіх замежных добраахвотнікаў, якія змагаліся на баку Ўкраіны: брытанцаў Эйдэна Асліна і Шона Пінера, а таксама мараканца Саадуна Брагіма. Грамадскасць разглядае гэтыя дзеянні як ціск на ўлады Вялікабрытаніі і Марока.
Аскепкі эканомікі
Паводле дадзеных Фонду “Грамадская думка” 37% расейцаў адчулі значнае пагаршэнне матэрыяльнага становішча за апошнія 2-3 месяцы. Такіх людзей стала на 9% больш, чым у сярэдзіне лютага, калі ФГМ праводзіў папярэдняе апытанне.
ЗША адмаўляюцца здымаць санкцыі з Расеі ў абмен на вываз збожжа з Украіны, называючы такія заявы расейскіх уладаў “дыпламатыяй вымагальніцтва”.
Марскі імпарт у Расею скараціўся з канца лютага на 60%. Буйныя транспартныя кампаній CMA-CGM, Maersk і Hapag-Lloyd прыпынілі сваю дзейнасць праз поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Ўкраіну.
Здабыча і пастаўкі сібірскага вуглю ў красавіку-траўні скараціліся. Кузбас знізіў экспарт у красавіку на 20%. Прычынамі называюць праблемы з лагістыкай, у тым ліку праз санкцыі і адмову ад паліва асобных краін.
Dow Jones пазбавіў расейскія банкі доступу да базы дадзеных пра санкцыйныя спісы, узбуджаныя крымінальныя справы і іншыя абмежаванні. Без гэтай інфармацыі банкі не змогуць якасна маніторыць аперацыі кліентаў і ацэньваць санкцыйныя рызыкі.
“Райффайзенбанк” уводзіць адмоўны працэнт для ўкладаў у валюце. Пачынаючы з 30 чэрвеня банк будзе браць камісію за захоўванне валюты на рахунках.
Расейскія заводы па вытворчасці свінцу апынуліся на мяжы закрыцця праз поўнае спыненне экспарту. У Расеі штогод вырабляецца каля 200 тысяч тон свінцу, каля паловы якога заўсёды ішло на экспарт.
Улады РФ вырашылі падоўжыць абмежаванні да 12 чэрвеня ў аэрапортах Анапы, Бранска, Белгарада, Варонежа, Краснадара, Курска, Геленджыка, Ліпецка, Растова-на-Доне, Элісты і Сімферопаля.
Канада забараніла экспарт у Расею 28 відаў паслуг, “жыццёва важных” для нафтавай, газавай і хімічнай прамысловасці.
Федэральная антыманапольная служба прапанавала з 1 ліпеня павысіць рэгуляваныя кошты на газ “Газпрома” у РФ. Цяпер для прамысловасці кошт павялічыцца на 5%, а для насельніцтва — на 3%.
ЕС пачаў працу над 7 пакетам антырасейскіх санкцыяў. Новыя абмежаванні могуць закрануць газавыя пастаўкі з Расеі і пашырэнне спісу банкаў, якія адключаць ад SWIFT. У спісе Газпрамбанк, праз які арганізавана расейская схема аплаты газу.
Міжнародная ізаляцыя
Сяргей Лаўроў быў вымушаны адмяніць візіт у Сербію, паколькі Балгарыя, Паўночная Македонія і Чарнагорыя закрылі сваю паветраную прастору для самалёта кіраўніка МЗС РФ.
Сыну Дзмітрыя Мядзведзева адклікалі візу ў ЗША. Ілля Мядзведзеў мусіць пакінуць Штаты цягам двух сутак.
Пасля пагроз з боку РФ улада Фінляндыі разглядае магчымасць узвесці загароды на мяжы з Расеяй для ўмацавання бяспекі краіны.
«Калі Расея адклікае прызнанне незалежнасці Літвы 1991 года, Літва адменіць Палянаўскую дамову 1634 года і запатрабуе ад Пуціна падпарадкавацца ўладзе Уладзіслава IV і вярнуць усе акупаваныя тэрыторыі Вялікаму княству. Смаленск – гэта Літва!», – адказ Літвы на тое, што Расея хоча адмяніць прызнанне яе незалежнасці.
“Ваш запит на отримання електронної авторизації не може бути оброблений”. Пры спробе анлайн-афармлення дазволу на ўезд у Мексіку расейцы атрымліваюць адмову на ўкраінскай мове.
Чарнагорыя ўслед за Латвіяй і Літвой адключыла расейскія тэлеканалы з прычыны пагрозы нацыянальнай бяспецы. У той жа час, у Азербайджане афіцыйна забаронены доступ да сайта РІА “Новості”, як да прапагандысцкага крамлёўскага выдання.
Урад Латвіі ўхваліў пераход усёй адукацыі ў краіне на латышскую мову з 2023 года. Дзяржаўная мова ў краіне адна – латышская, расейская мае статус замежнай.
Былая першая салістка тэатра Станіслаўскага і балярына Марыінскага тэатра Лаура Фернандэс пакінула Расею. Яна не верыць крамлёўскай прапагандзе і не падтрымлівае напад Расеі на Украіну.
Рэгіёны
Усенародны рух Легіёна “Свабода Расіі” працягвае асветніцкую працу. Арганізатары падкрэсліваюць, што пры рэжыме Пуціна народы Расеі жывуць фактычна ў турэмным зняволенні, без права на голас і нацыянальную самаідэнтыфікацыю, на традыцыі і культуру сваіх продкаў. Арганізацыя распаўсюджвае сімволіку Легіёна па ўсёй тэрыторыі РФ і заклікае да Свабоднай Расеі.
Паводле апошніх падлікаў, агульная колькасць марыйцаў, якія пражываюць у Рэспубліцы Марый Эл, складае ўсяго каля 550 тысяч чалавек. Марыйскія арганізацыі душацца, выданні забараняюцца, тысячы марыйцаў пазбаўлены свабоды, дэпартаваны ці зніклі без вестак. Эканамічнае становішча Рэспублікі штучна пагоршана, каб пераключыць увагу людзей са сваёй культуры на банальнае жаданне выжыць у складаных эканамічных умовах.
На загад з Масквы быў ліквідаваны Ўсетатарскі грамадскі цэнтр, які змагаўся за правы татараў і іх культурную спадчыну. Рэпрэсіі пуцінскага рэжыму супраць нязгодных з прымусовай русіфікацыяй толькі набіраюць абароты і ў будучыні стануць павальнымі.
“Цяпер, у сувязі з вядомымі міжнароднымі падзеямі, расейская мова, як і ўся наша шматнацыянальная расейская культура, мае патрэбу ў абароне і актыўным прасоўванні на ўсіх узроўнях”, – прэзідэнт Татарстана Рустам Мініханаў устаў на абарону расейскай культуры і расейскай мовы. Цікава, што ў татарскіх навінах на ТНВ, ГТРК словы ці інтэрв’ю расейскамоўных простых грамадзян і чыноўнікаў перакладаюць на татарскую, а словы Мініханава, Мухаметшына і найвышэйшых расейскіх чыноў – не.
Тым часам у Дагестане ўрокі роднай мовы і літаратуры скарацілі да 1 гадзіны на тыдзень: паўгадзіны – родная мова, паўгадзіны – родная літаратура.
Найбуйнейшы Тэлеграм-канал, прысвечаны правам зняволеных у Іркуцкай вобласці Anti Pytki 38 быў заблакаваны. Цяпер у ранейшага канала каля 30 тысяч падпісчыкаў. Аўтар рэгулярна распавядаў пра людзей, якія маглі мець дачыненне да гвалту ў калоніях і СІЗА.
Закупкі жалобнага прыладдзя з бюджэтаў сібірскіх органаў улады з 24 лютага выраслі ў 17 разоў. Больш за ўсё на вянкі і труны патрацілі ўлады ў Бураціі. Значнымі былі бюджэтныя выдаткі ў Алтайскім краі і Іркуцкай вобласці.
Шматдзетныя сем’і ў мікрараёне Забайкальскі ва Ўлан-Удэ, якія атрымлівалі зямлю пад індывідуальнае будаўніцтва, з 2013 года не здолелі дамагчыся абяцаных уладамі вады і дарог.
З’явілася інфармацыя, што міністр прамысловасці Рэспублікі Татарстан Каробчанка – удзельнік Афонскага брацтва. Таго самага, дзе адна з галоўных фігур – генерал СВР Рашэтнікаў, галоўнае стварэнне якога – каршаковая «фабрыка думкі» РІСІ, якая была галоўным украінафобскім экспертным цэнтрам і даўно заяўляла пра неабходнасць захопу тэрыторыі Ўкраіны. З гэтай жа групы і амбудсменка Ірына Валынец, якая асабіста выступала за адмену татарскай мовы ў школах.
У Расеі працягваюцца пажары: будынак з пластыкавымі вырабамі ў Хімках, гандлёвыя рады ў Кацельніках, пажар на тэрыторыі оптыка-механічнага завода ў Падмаскоўі, дзе вырабляецца ваенная оптыка для арміі РФ — ад бінокляў да аптычных прыцэлаў, аўтабаза з ваеннай тэхнікай у Цюмені, будынак Расгвардыі у Камсамольску-на-Амуры, наймагутнейшы пажар на Усць-Лужскім лясным тэрмінале «Фактар». Гэта толькі на гэтым тыдні.
Вар’яцтва «рускага свету»
Французскае выданне Paris Match правяло расследаванне, якое высветліла, што ва ўсіх замежных паездках Уладзіміра Пуціна суправаджае адмысловы супрацоўнік Федэральнай службы аховы, які адказвае за збор экскрыментаў і мачы кіраўніка дзяржавы. Журналісты мяркуюць, што мэта ФСА — не дапусціць аналізу экскрыментаў прэзідэнта замежнымі медыкамі, што прывяло б да ўцечкі інфармацыі пра стан яго здароўя.
Намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў патлумачыў, чаму ў апошні час стаў рэзка выказвацца ў Тэлеграме. «Адказваю — я іх ненавіджу. Яны ўблюдкі і вылюдкі. Яны хочуць смерці нам, Расеі. І пакуль я жывы, я буду рабіць усё, каб яны зніклі», — піша намеснік старшыні Савета бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў. Каго менавіта ён лічыць ублюдкамі і вылюдкамі, экс-прэзідэнт Расейскай Федэрацыі не ўдакладніў.
Дзяржаўная Дума ў сераду ў канчатковым чытанні прыняла закон, які надзяляе прэзідэнта правам уводзіць маштабныя абмежаванні на працу фінансавай і банкаўскай сістэм Расеі.
У Дзярждуму РФ унеслі законапраект пра штрафы за прапаганду ЛГБТ да 500 тысяч рублёў для грамадзян і да 10 млн рублёў для юрыдычных асоб.
Улады РФ хочуць працаўладкаваць у ЛНР тры дзясяткі выпускнікоў Стаўрапольскага медуніверсітэта. З загада вынікае, што пасля тлумачальнага семінара пра “супрацоўніцтва і дапамогу сяброўскім рэспублікам” у зону ваенных дзеянняў збіраюцца адправіць дзясятую частку выпускнікоў лячэбнага факультэта. Маладыя медыкі шакіраваны: яны не гатовы ехаць на вайну.
У Данецкай вобласці згарэў Усіхсвяцкі скіт Святагорскай лаўры Маскоўскага патрыярхата ХVI стагоддзя. Узгаранне адбылося ў выніку бамбардзіровак расейскімі вайскоўцамі.
У ФСБ ажыўляюць ідэю адзінай базы даных ідэнтыфікатараў мабільных тэлефонаў. Эксперты ўпэўненыя, што гэта ўсяго толькі апраўданне сачэння за грамадзянамі, што дазволіць кантраляваць іх перапіску і праслухоўваць тэлефонныя званкі.
У Расеі зацвердзілі Фонд падтрымкі ваенна-патрыятычнага кіно. Найперш, відавочна, будуць здымаць пра бітву за Данбас. Сюжэты фільмаў павінны падтрымаць маральны дух мабілізаваных і матываваць іх “абараняць Радзіму” на чужой тэрыторыі.
РФ планавала захапіць Кіеў за тры дні, стварыць новую адміністрацыю і арганізаваць рэферэндум для абвяшчэння рэспублікі. Але галоўнае — мясцовым жыхарам збіраліся раздаць пашпарты СССР. Пасля адступлення з-пад Кіева расейскія вайскоўцы пакінулі сотні незапоўненых пашпартаў СССР.
Камітэт Дзярждумы ўхваліў праект аб 7 гадах калоніі за публічныя заклікі супраць бяспекі РФ і да 20 гадоў – за ўдзел расейцаў у ваенных дзеяннях супраць РФ.
Дзярждума прыняла ў першым чытанні законапраект, які заканадаўча прапісвае магчымасць увозу ў Расею тавараў без згоды праваўладальнікаў. Размова ідзе аб арыгінальнай прадукцыі, уведзенай у абарот за мяжой, норма дзейнічае толькі ў 2022 годзе.
У калоніі памёр прадпрымальнік з Калінінграда Артур Русяеў. Ён пабудаваў мячэт, які мясцовыя ўлады знеслі, а пазней Русяева прыгаварылі да тэрміну па сфальсіфікаваным абвінавачанні.
У абвінавачаных у «распаўсюдзе фэйкаў» у Расеі пачалі арыштоўваць маёмасць. Гаворка ідзе пра арышт банкаўскіх рахункаў, транспартных сродкаў і кватэр.
Амаль 2400 спраў завялі сілавікі па адміністрацыйным артыкуле 20.3.3 аб «дыскрэдытацыі» расейскага войска. Артыкул увялі толькі ў сакавіку, але яго прымяненне ўжо стала ўсерасейскай практыкай.
Расейскія службоўцы выдаткавалі больш за 1 млрд рублёў на закуп VPN-сэрвісаў для абыходу імі ж уладкаваных масавых блакіровак. Прадае ім гэтыя тэхналогіі дзяржаўны Растэлекам — на абходзе ваеннай цэнзуры ён зарабіў больш, чым усе прыватнікі.
Лаўроў у Турцыі абхаміў журналіста, які спытаў, што акрамя збожжа Расея скрала ва Украіне. Напрыклад, кошт нарабаванага расейцамі абсталявання з Чарнобыльскай станцыі перавысіў $135 млн, сцягнулі нават сістэмы абароны ЧАЭС.
Улады РФ запатрабавалі ў галоўнага рабіна Масквы Пінхаса Гольдшміта публічна падтрымаць спецаперацыю ва Украіне. Але ён не пайшоў на повадзе ў расейскіх уладаў і з’ехаў у Венгрыю — дапамагаць украінскім уцекачам.
Leave a Reply