Расейцы раздаюць жыхарам Херсона ўлёткі, у якіх прычынай развязання вайны ва Украіне называюць “калектыўны Захад”.
У акупаваным Херсоне расейцы раздаюць улёткі, у якіх выкладаюць сваю прапагандысцкую версію прычын вайны і заклікаюць мясцовых жыхароў весці тлумачальную працу на карысць РФ. Дакумент апынуўся ў валоданні Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны.
“Па заходніх плянах абодва нашыя народы – расейскі і ўкраінскі – павінны былі быць знішчаныя. Каб гэтага не адбылося, Расея вымушана была кінуць выклік усяму калектыўнаму Захаду і пачаць аперацыю па ліквідацыі антынароднага кіеўскага рэжыму”, – гаворыцца ў прапагандысцкай улётцы.
Жыхароў украінскага горада, які апынуўся пад часовай акупацыяй, спрабуюць пераканаць, што вайна з’яўляецца вынікам злачыннай палітыкі прадажнага кіеўскага рэжыму, які за замежныя паперкі на працягу 30 гадоў рыхтаваў гэтую вайну.
Таксама ва ўлётцы гаворыцца пра “злачынствы нацыстаў на Данбасе”. Мясцовыя жыхары запэўніваюць, што расейскае войска “не ваюе з украінскім народам”, але просяць не набліжацца да войска РФ і не насіць зброю. Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны адзначае, што на спадарожнікавых здымках кампаніі Planet Lab бачна, што за час акупацыі на херсонскіх гарадскіх могілках з’явілася не менш за 824 новыя магілы.
Тым не менш, херсонцы не вераць расейскім акупантам і не ідуць з імі на ўзаемадзеянне. Яшчэ 5 сакавіка на плошчы Свабоды і на цэнтральных вуліцах горада адбыўся першы шматтысячны мітынг супраць акупантаў, за адзіную Украіну.
Перад узброенымі расейцамі звычайныя людзі неслі ўкраінскія сцягі, крычалі акупантам “Далоў!”, называлі іх “фашыстамі”, усяляк лаялі. Магутная хваля мітынгаў пракацілася па ўсёй вобласці. Генічэск, Новааляксеўка, Наватроіцкае, Кахоўка, Новая Кахоўка, Скадоўск, Белазерка, Голая Прыстань, дзясяткі вёсак і селішчаў выйшлі заявіць акупантам, што тут іх ніхто не чакае.
З таго часу ў абласным цэнтры і іншых гарадах пастаянна праходзяць такія мітынгі з рознай перыядычнасцю. З аголенымі рукамі ўкраінцы часта прымушаюць рашыстаў адыходзіць, адганяюць БТРы і КамАЗы з узброенымі салдатамі. Тыя перыядычна страляюць у паветра, па зямлі.
Нагадаем: раней для абгрунтавання вайны Крэмль, у дадатак да прапаганды пра міфічную “абарону” Данбаса і супрацьстаянне з НАТА, прыдумваў фэйкі пра намеры Украіны распрацоўваць ядзерную зброю, пра лабараторыі па вырабе біялагічнай зброі, пра “нацыстаў” ва Украіне і г.д.
Leave a Reply