Перарабіць «інтэрнат» у пентхаус?! Ч.1
Ці можна пабудаваць паспяховы ў эканамічным плане Савецкі Саюз ці эканамічна жыццяздольную Расейскую Федэрацыю? Ну, чыста тэарэтычна?
Ды ведаю я, ведаю, спадары крытыкі. Ведаю, што Расея турма народаў і, акрамя праклёнаў, ніякіх іншых пачуццяў і думак у вас не выклікае. І ў мяне сапраўды таксама. Але цікава паставіць пытанне аб верагоднасці пабудовы ў вялікай шматнацыянальнай дзяржаве паспяховага канцэпта з планавай эканомікай (як у СССР) або жорсткім адміністраваннем народна-гаспадарчых і фінансавых аспектаў жыцця (як у РФ)? Якія магчымасці функцыянавання эканамічнай мадэлі, здольнай жыць за кошт прыбавачнай вартасці, якая атрымліваецца ад рэалізацыі ўласнай прадукцыі? Ці магчыма такая мадэль ва ўмовах, выказваючыся фігуральна, турмы народаў?
Давайце паспрабуем абстрагавацца ад болю і зняваг, выпрабаваных каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі народамі РФ, і дапусціць, што ўсе ўсім задаволеныя і жадаюць жыць разам, каб будаваць заможнае і спарадкаванае жыццё еўрапейскага ці там японскага ўзору: пенсіі, медыцына, адукацыя, сацабарона на вышэйшым узроўні. Дзе ўсё плацяць падаткі і грошай на ўсё хапае, усё ўсім кажуць «данке шон», «бітэ шон» і пераходзяць дарогу выключна на зялёнае святло.
Я доўга спрабаваў уявіць сабе такую дзяржаву, але не атрымалася. СССР тут увогуле адразу ж адпаў. Бо планавая эканоміка памятаецца яшчэ добра, а ўражанні ад яе зусім дрэнныя. Паўсюдны дэфіцыт, таварны голад, нізкая якасць тавараў, пафігізм кадраў на ўсіх узроўнях, справа даходзіць да адкрытага сабатажу … Не, не хачу. Больш таго, бачу, што без матэрыяльнай зацікаўленасці ніякія планы эканоміку не выратуюць. Можа, таму што планы гэтыя ствараюцца тымі ж пафігістамі, таму што жыццёвым рэаліям не адпавядаюць, па ходзе справы іх па дзесяць разоў удакладняюць і падпраўляюць, а ў выніку – хаос і развал па ўсіх кірунках. Адным словам, безгаспадарчасць.
А другі варыянт, з цвёрдым адміністраваннем у эканоміцы? Бачу, і тут не зрастаецца. Бо калі ўмешваецца адміністратар з боку, то гэта парушае працу эканамічных законаў, а яны, як закон прыроды – адзіныя і бясспрэчныя. Жорсткі адміністратар – лішняе звяно ў вытворчых працэсах. Да таго ж карупцыю спараджае.
У гісторыі Расеі з часоў сярэднявечча адміністрацыйная палітыка была аднатыпнай. Кіраванне ажыццяўлялася або адпраўкай ваяводы ў геаграфічны пункт «на кармленне», або ўстанаўліваўся жорсткі шматступенны і непаваротлівы адмінрэсурс. Прасторы для творчасці ў развіцці дзяржкіравання не было ніколі. Вынік, адпаведна, быў аналагічным і вельмі пасрэдным.
Па сутнасці, ні ў Ельцына, ні ў Пуціна не было іншага шляху ў эканоміцы, акрамя як зноў будаваць абноўлены канцлагер, каб не страціць стырно кіравання. З вытворчасцю тавараў з высокай ступенню перапрацоўкі і ўзроўнем прыбавачнай вартасці, як звычайна, не атрымалася. Ну, можа, далі пабольш прастору алігархам, паслабілі ім лейцы. Крыху больш дадалі корму ў міску рабацягі. Крыху ачалавечылі прапускны рэжым. Але ўсё роўна прыйшлося пакінуць гэбэшных кантралёраў на вышках. Ведалі: інакш усё разваліцца.
Таму мы з вамі, паважаныя чытачы, і прыходзім да высновы аб нежыццяздольнасці як планавай, так і алігархічнай мадэлі эканомікі ў Расеі.
Напрошваецца пытанне: можа, акрамя мадэлі эканомікі, трэба мяняць і саму Расею?
Але пра гэта мы пагаворым пазней, у другой частцы артыкула.
Leave a Reply