Падрыхтавацца да непазбежнага: вайна супраць Украіны радыкальна паскорыла развал Расіі

Падрыхтавацца да непазбежнага: вайна супраць Украіны радыкальна паскорыла развал Расіі

Меркаванне эксперта Славацкай асацыяцыі знешняй палітыкі Юрая Месіка для «Еўрапейскай праўды».

У 1969 годзе малады расійскі гісторык Андрэй Амальрык напісаў вядомы нарыс “Ці праіснуе Савецкі Саюз да 1984 года?” Гэта адбылося праз год пасля акупацыі Чэхаславакіі і падчас наявялікшых дасягненняў Масквы ў космасе.

СССР як тагачаснае ўвасабленне Расійскай імперыі быў ахутаны камуністычнай ідэалогіяй і выглядаў цвёрдым і непахісным. Ніхто з заходніх навукоўцаў-саветолагаў не мог уявіць тады распаду СССР, а лозунгі на будынках акупаванай Чэхаславакіі смела абвяшчалі “З Савецкім Саюзам назаўжды і ніколі інакш!”.

Гісторыя паказала, што Амальрык меў рацыю і памыліўся ў сваім прадказанні толькі на некалькі год. Аднак, калі б вам сказалі ўлетку 1989 года, што акупаваныя краіны Цэнтральнай Еўропы будуць вызваленыя з-пад улады Масквы да канца года і што потым адбудзецца з самім СССР перад Раством 1991 года, у вас бы ўзніклі сумневы адносна псіхічнага здароў’я таго, хто гэта кажа.

Людзі часта прапускаюць самыя відавочныя рэчы. А прафесіяналы яшчэ часцей, бо яны пераважна спецыялізуюцца на статус-кво.

З-за няздольнасці заходніх экспертаў і палітыкаў прадбачыць распад СССР, раптоўна ўзніклую новую рэальнасць, тагачасны Захад не мог своечасова і прадумана рэагаваць. Вынікам сталі імправізацыі і трагічныя няўдачы, наступствы якіх цягнуліся дзесяцігоддзямі. Сёння мы бачым іх у выглядзе шэрагу акупаваных Расіяй тэрыторый у краінах былога СССР і асабліва кровапралітнай вайны ва Украіне. 

Такім жа чынам непазбежны і распад Расіі — і калі Еўропа і Захад не будуць да гэтага гатовыя, то яго наступствы будуць такімі ж або нават больш трагічнымі.

Адсутнасць, запаволенасць або няправільнасць рашэнняў непадрыхтаваных заходніх палітыкаў можа прывесці да доўгатэрміновай балканізацыі сённяшняй Расіі. У адрозненне ад Балкан, яе тэрыторыя ў 50 разоў перавышае югаслаўскую, і Расія мае ў 6 разоў больш насельніцтва. Прычым з ядзернымі боегалоўкамі.

Таму развагі пра будучы распад Расіі — гэта не забава ці прыняцце жаданага за сапраўднае, як мяркуюць прыхільнікі пуцінскага рэжыму.

Не асэнсоўваючы гэты сцэнар, мы яго не пазбегнем — і наадварот, думаючы пра яго, мы яго не выклікаем, нават калі захочам. На гэта ёсць схаваныя ўнутраныя прычыны, і пытанне не ў тым, ці распадзецца “Расійская Федэрацыя, а ў тым, калі гэта адбудзецца.

Ужытае двукоссе ў назве дзяржавы не выпадковае, бо сённяшняя Расія — гэта вертыкальна кантраляваная і цэнтралізаваная імперыя, якая не мае нічога агульнага з сапраўднай федэрацыяй. Сама назва дзяржавы — класічная пацёмкінская вёска, фантастыка, якая разлічана на наіўных замежнікаў.

Расійскую імперыю трымаюць разам толькі тры сілы: ідэалогія звышдзяржавы, апарат бяспекі (ВЧК – НКВД – КГБ – ФСБ) і нафтагазавыя даходы. Апошнія дазваляюць фінансаваць мілітарызм, рэпрэсіўны апарат і карумпаваць палітыкаў у Еўропе і ва ўсім свеце.

Усе тры названыя сілы саслабнуць і рэзка згорнуцца ў найбліжэйшыя месяцы і гады ў выніку працяглай ваеннай паразы Расіі ва Украіне, заходніх санкцый і хуткага развіцця электрычнай мабільнасці.

Расійскія ваенныя і рэпрэсіўныя сілы сцякаюць крывёю ва Украіне, вялікі шавінізм расіян будзе смяротна паранены, а хуткае падзенне продажаў нафты і газу ў спалучэнні з далейшымі санкцыямі эканамічна зруйнуюць Крэмль і не дадуць яму далей падкупляць палітычную эліту ўнутры Расіі і за мяжой.

Без карупцыйнага перніка і бізуна ўлады ідэалогія імперскай Расіі не будзе жыццяздольнай і дэградуе.

У 2016 годзе ў эсэ “Ці перажыве Расійская Федэрацыя 2031 год? Расія, Кітай і непазбежныя наступствы змены клімату” я ацаніў распад Расіі як тэму наступнага дзесяцігоддзя.

Аднак напад на Украіну радыкальна паскорыў развіццё падзей — таму распад РФ становіцца справай бліжэйшых 3-5 год.

Вядома, гэта толькі ацэнка — розныя суб’ектыўныя фактары і канкрэтныя рашэнні канкрэтных палітыкаў могуць яго паскорыць ці, наадварот, крыху адтэрмінаваць. Аднак Еўропу чакае распад Расійскай Федэрацыі.

Параза расійскай арміі ва Украіне азначае значнае паслабленне рэпрэсіўна-вайсковага апарату, які трымае ў кайданах зняволеныя ў Расіі народы. З афіцыйна 140 мільёнаў жыхароў сённяшняй Расіі (іх рэальная колькасць можа быць меншай) толькі каля 75% насельніцтва з’яўляюцца этнічнымі расійцамі, і іх частка няўхільна змяншаецца.

Наадварот, павялічваецца колькасць нерасійскіх, асабліва мусульманскіх этнасаў. Да таго ж лічбу ў 75% можна істотна пераацаніць. Прадстаўнікі многіх прыгнечаных этнасаў часта атаясамліваюць сябе з рускім этнасам, бо гэта ім выгадна.

Напэўна, тлумачыць гэта славакам няма патрэбы — згадайце «вугоршчыну» этнічных славакаў Венгрыі ў ХІХ стагоддзі або падазрона нізкую колькасць цыганоў у славацкіх перапісах. Такая ж з’ява адбываецца і ў Расіі. Відавочна, праз працяглы русіфікацыйны ціск яна можа быць значна часцей. Асабліва гэта тычыцца нашчадкаў украінцаў у змешаных ўкраінска-расійскіх шлюбах, дзе расійская ідэнтыфікацыя вельмі распаўсюджаная, і таму фактычная колькасць украінцаў, якія жывуць у Расіі, можа быць значна вышэйшай за афіцыйныя 1,4%.

Разглядаючы лініі размежавання будучага распаду Расіі, прасцей за ўсё пачаць з акупаваных ёй тэрыторый. Перш за ўсё гэта азначае вяртанне акупаваных Крыма і Данбаса Украіне, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі – Грузіі, Прыднястроўя – Малдове. Тут няма пра што спрачацца.

Такім жа простым з’яўляецца пытанне пра вяртанне акупаваных Расіяй Курыльскіх астравоў Японіі і Карэліі Фінляндыі. Больш дыскусій сярод еўрапейцаў можа выклікаць будучыня акупаванага і анэксаванага Кёнігсберга.

Цікавай можа стаць доля расійскага Дальняга Усходу, бо значная частка сённяшніх Хабараўскай і Амурскай абласцей да 1860 года належалі Кітаю. Можна дапусціць, што ён можа мець на іх законныя прэтэнзіі.

Яшчэ больш складаным працэсам стане распад астатняй Расіі. Нават маючы фармальна “толькі” 25% нерасійскіх нацый сярод 140-мільённага насельніцтва, эмансіпацыйныя намаганні многіх нацый немагчыма спыніць без паліцэйска-ваеннага прыгнёту і карумпавання этнічных элітаў за кошт грошай ад продажу нафты і газу.

Зрэшты, можна небеспадстаўна сумнявацца, што расійцы, якія жывуць у Пецярбургу, на Урале, у Сібіры ці на Дальнім Усходзе, захочуць заставацца пад уладай шчыра ненавіснай Масквы, якая ўспрымаецца і ўральцамі, і сібіракамі як ненажэрны паразіт. Такім чынам, Расія можа падзяліцца на некалькі меншых расійскамоўных дзяржаў.

Аднак важна іншае: Захаду ўжо зараз трэба аналізаваць магчымыя сцэнары распаду РФ. 

Гэта важна таму, што такі распад адкрые вялікія выклікі, рызыкі і магчымасці. Рызыкі палягаюць у тым, што Еўропа і Захад могуць зноў пацярпець няўдачу, як і пасля распаду СССР.

У такім выпадку пострасійскі прастор сутыкнецца з балканізацыяй, працяглым перыядам беднасці і гвалту.

Або ж Захад можа дзейнічаць разважліва, хутка, прагматычна і чуйна. Ён можа даць народам Расіі і самім расійцам шанец на годную будучыню ў свабодзе і, прынамсі, адносным дабрабыце. 

Але для гэтага трэба быць гатовым. А гэта, як мінімум, патрабуе зняцця Еўропай “унутраннага табу” з абмеркавання магчымага распаду Расіі.

Leave a Reply