“Не пазбегнуць пакарання”: ЗША ўводзяць санкцыі ў дачыненні да дачок Пуціна і Лаўрова. Пад раздачу трапілі і найбуйнейшыя Ашчадбанк і Альфа-банк

“Не пазбегнуць пакарання”: ЗША ўводзяць санкцыі ў дачыненні да дачок Пуціна і Лаўрова. Пад раздачу трапілі і найбуйнейшыя Ашчадбанк і Альфа-банк

ЗША абвесцілі пра санкцыі ў адносінах да дзьвюх дачок расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, жонкі і дачкі кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова, а таксама пра поўную блакіроўку двух найбуйнейшых расейскіх банкаў Ашчадбанка і Альфа-банка.

Не абмінула і Дзмітрыя Мядзведзева і Міхаіла Мішусціна. Аб гэтым гаворыцца ў новай заяве Белага дома. Як удакладняецца ў паведамленні, новыя абмежаванні ЗША ўскладзе на Расею разам з краінамі “Вялікай сямёркі” і ЕС.

“Сёння Злучаныя Штаты разам з “Вялікай сямёркай” і Еўрапескім Саюзам працягнуць накладаць на пуцінскі рэжым сур’ёзныя і неадкладныя эканамічныя выдаткі за ягоныя зверствы ва Ўкраіне, у тым ліку ў Бучы. Мы будзем дакументаваць і дзяліцца інфармацыяй аб гэтых злачынствах і выкарыстоўваць усе адпаведныя механізмы для прыцягнення вінаватых да адказнасці”, – гаворыцца на сайце Белага дома.

Новыя санкцыі носяць сапраўды разбуральны характар для пуцінскага рэжыму. Гэтым разам яны датычацца поўнай блакіроўкі найбуйнейшай фінансавай установы Расеі Ашчадбанка і найбуйнейшага прыватнага банка Расеі Альфа-банка.

Гэтае дзеянне замарозіць любыя актывы Ашчадбанка і Альфа-банка, звязаныя з фінансавай сістэмай ЗША, і забароніць грамадзянам ЗША весці з імі справы. На дадзены момант Ашчадбанк валодае амаль трацінай усіх актываў расейскага банкаўскага сектара і мае сістэмна важнае значэнне для расейскай эканомікі, а Альфа-банк з’яўляецца чацвёртай па велічыні фінансавай арганізацыяй Расеі ў цэлым.

Ускладаецца таксама забарона на новыя інвестыцыі ў РФ з боку грамадзян ЗША. Прэзідэнт Байдэн падпіша новы ўказ, які ўключае забарону на новыя інвестыцыі ў Расею з боку грамадзян ЗША, дзе б яны ні знаходзіліся, што яшчэ больш ізалюе Расею ад сусветнай эканомікі.

Апрача таго, Міністэрства фінансаў ЗША забараніла Расеі рабіць выплаты па доўгу сродкамі, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША. Цяпер санкцыі не выключаюць выплаты па суверэнным доўгу Расеі пры ўмове, што Расея скарыстае сродкі па-за межамі юрысдыкцыі ЗША. Аднак Расея з’яўляецца глабальным фінансавым ізгоем, і цяпер ёй давядзецца выбіраць паміж скарачэннем наяўных сродкаў для выплаты пазыкі і дэфолтам.

Ну і бадай не менш цікавае – поўная блакіроўка ў адносінах расейскай эліты і іх сем’яў, у тым ліку санкцыі ў адносінах да паўнагадовых дзяцей прэзідэнта Пуціна – Кацярыны Ціханавай і Марыі Варанцовай, жонкі і дачкі міністра замежных спраў Лаўрова, а таксама сябраў Рады бяспекі Расеі, уключаючы былога прэзідэнта і прэм’ер-міністра Расеі Дзмітрыя Мядзведзева і прэм’ер-міністра Міхаіла Мішусціна. Гэтае дзеянне адразае іх ад фінансавай сістэмы ЗША і замарожвае ўсе актывы, якімі яны валодаюць у Злучаных Штатах.

Усе яны нясуць адказнасць за падтрымку вайны Пуціна з Украінай.

Таксама сёння была абародаваная заява Міністэрства замежных спраў Брытаніі, у якой гаворыцца пра замарозку актываў “Ашчадбанка” і маскоўскага “Крэдыт банка”; забароне ўсіх новых інвестыцый у Расею (у 2020 годзе сума брытанскіх інвестыцый у РФ складала больш за 11 млрд фунтаў стэрлінгаў), што стратэгічна паслабляе расейскую эканоміку, і адмове ад расейскага вугалю і нафты да канца 2022 года, а ад газу “як мага хутчэй” пасля.

Еўрапейскі саюз, у сваю чаргу, плануе ўключыць у санкцыйны спіс кіраўніка расейскага Ашчадбанка Германа Грэфа і расейскага алюмініевага алігарха Алега Дзерыпаскі, паведамляе Financial Times са спасылкай на праект санкцыйнага пакета ЕС.

Пад санкцыі таксама можа трапіць Аляксандр Шульгін, кіраўнік расейскай платформы электроннай камерцыі Ozon, і Барыс Ротэнберг, адзін з найбліжэйшых дзелавых партнёраў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Таксама ў санкцыйны спіс уключаны Саід Керымаў, які кантралюе найбуйнейшую ў Расеі золатаздабыўную кампанію “Полюс”.

Паводле праекту санкцыйнага спіса ЕС, дочкі Пуціна ад першага шлюбу таксама павінны трапіць пад санкцыі за атрыманне выгады ад расейскага ўрада.

Leave a Reply