Калі ўжо татары пачнуць закусваць гарэлку свінінай?

Калі ўжо татары пачнуць закусваць гарэлку свінінай?

Часам, чытаючы артыкулы пра моўныя дыскусіі ва Украіне, я з зайздрасцю думаю: нам бы іх праблемы! Бо ў іх з функцыянаваннем роднай мовы ўсё ідзе па ўзыходзячай, а ў нас – наадварот. Там, напрыклад, воіны УСУ расейскага этнічнага паходжання спрачаюцца аб абавязковасці пераходу на ўкраінскую мову ў паўсядзённым зносінах. Адны кажуць: «Мы расейскамоўныя ўкраінскія патрыёты! Ніхто не смее нас прымушаць размаўляць на ўкраінскай, у акопах пад абстрэламі мы на ўкраінскія звароты адказваем на расейскай, і ўсім усё зразумела!» Некаторыя іх «землякі» адказваюць: «Але ж мы ваюем, у тым ліку, і за дзяржаўную ўкраінскую мову!»

Размовы аб тым, каб украінская мова перастала быць дзяржаўнай або каб зрабіць расейскую мову другой дзяржаўнай, ужо ніхто не вядзе.

Перад уварваннем 24.02.2022 ва Украіне ўжо год як існаваў моўны амбудсмэн, закліканы сачыць за свабодным выкарыстаннем украінскай мовы ва ўсіх сферах жыцця. І хоць у краіне яшчэ было шмат расейскамоўных грамадзян, але ўжо рабілася заўважна, што палітыка на гэтым кірунку правільная і павінна нязменна прывесці да выраўноўвання сітуацыі: у побыце кажы, як табе зручна, а ў афіцыйных зносінах – на дзяржаўнай мове. Такі падыход, думаю, з часам прывёў бы да канчатковага выцяснення расейскай мовы ў побыце. Дзіцячыя садкі, школы, інстытуты – уся сістэма адукацыі актыўна пераходзіла на навучанне і выхаванне на ўкраінскай мове і ідэйна-культурнай платформе.

Так было да пачатку вайны.

На сённяшні дзень на падкантрольных Украіне тэрыторыях яшчэ больш людзей пераходзяць у зносінах на ўкраінскую мову, многія селебрыці актыўна заклікаюць адмаўляцца ад мовы акупанта. Нязгодных з такім крокам крытыкуюць і падвяргаюць астракізму. Ну хто зараз вырашыцца адкрыта падтрымліваць мову акупанта? Няўжо што якія з’ехалі за доўгім рублём у Маскву, накшталт футбаліста Цімашчука або эстраднай дзівы Ані Лорак.

У акупаваных жа гарадах і сёлах, па паведамленнях украінскіх сяброў і знаёмых, расейскія салдаты адбіраюць украінскія кнігі са школьных бібліятэк і паляць прама ў дварах школ. Яны добра ведаюць, што з роднай мовы ўсё пачынаецца: і самасвядомасць, і патрыятызм, і нацыянальны характар. Расейцы пра мову навучання ніколі не скажуць: «Якая розніца?» Яны імперскія шавіністы, з мовай у іх усё выразна  – толькі расейская. А хто не згодзен, таго на падвал як нацыста.

Канфіскоўваюцца не толькі кнігі на ўкраінскай мове, але і падручнікі «няправільнай» гісторыі, літаратуры. Выграбаецца ўсё, што не адпавядае генеральнай лініі агрэсараў на анексію захопленай тэрыторыі. Навучанне ў школах арганізуецца на расейскай мове, завозяцца падручнікі з Расеі, сярод педагогаў настойліва шукаюць калабарантаў, якіх у спешным парадку адпраўляюць у Крым на перападрыхтоўку. Адно дрэнна – вучняў не хапае. Не жадаюць украінцы адпраўляць сваіх дзяцей вучыцца ў такіх школах. Па-першае, на чужой мове, а па-другое, у двары школы стаіць ваенная тэхніка расейцаў, а самі ваякі жывуць на першым паверсе дзеючай школы. Так-так, такое здараецца. Жывы шчыт са школьнікаў – надзейнае сховішча, Хаймерс сапраўды не прыляціць.

Крыўдна, што сярод такіх расейскіх жаўнераў ёсць шмат расейцаў неславянскага паходжання, у тым ліку і маіх землякоў з Рэспублікі Татарстан. Самі пазбаўленыя магчымасці заставацца татарамі, якія знаходзяцца на стадыі пераробкі з татарына ў рускамоўнага франкенштэйна, бязмоўныя і бяздумныя, яны называюць украінцаў зневажальнымі мянушкамі і не разумеюць, што ўкраінцы змагаюцца, а яны ўжо даўно здаліся. Ім ужо зараз прыходзіцца хаваць сваю татарскасць, як штаны, якія лопнулі па шве – хутчэй прашмыгнуць, каб ніхто не заўважыў, што ты так апраставалосіўся.

Не разумеюць гэтыя мабілізаваныя татарскія “ванькі”, што на радзіме ў іх таксама праходзіць акупацыя, толькі культурная. Гэтак жа шукаюць калабарантаў (мінніханавых, хабіравых, самігулліных, таджудзінаў), гэтак жа пугай і пернікам апрацоўваюць здраднікаў-педагогаў, гэтак жа знішчаюць мову і культуру татараў. Праўда, татарскія кнігі пакуль яшчэ не спальваюць, а проста робяць непатрэбнымі. Бо ціхая акупацыя можа даваць тыя ж вынікі, што і адкрытая агрэсія: быў народ, і няма яго. Татары? Якія татары? А, гэта тыя, што некалі жылі па берагах Волгі? Накшталт і горад Казань названы татарскім словам… Не, не ведаем, не сустракалі. Вам лепей у гістарычны музей схадзіць, там ёсць людзі, якія ў гэтым разбіраюцца… А мы ўсе расейцы, мы ўсім задаволеныя. Выбачыце, нам трэба ісці, у нас свіной шашлык на стале стыне, і гарэлка на сонца грэецца. Ну што, пойдзем, Равіль? Так, Карым, нам самы час!

Leave a Reply