Гістарычныя шанцы Татарстана – што рабіць цяпер з улікам урокаў мінулага?

Гістарычныя шанцы Татарстана – што рабіць цяпер з улікам урокаў мінулага?

Займуся бескарысным і бязмэтным заняткам – паўторам шматкроць сказанага і не аднойчы паўторанага, а менавіта – буду распавядаць дарослым людзям аб тым, што не трэба імкнуцца стукнуць сябе пяткай па патыліцы. Гэта вельмі цяжка, смяхотна, абсурдна і балюча для самога «акрабата». Што ж мне даводзіцца казаць? А вось што.

Татарстану як васалу ў дзяржаўнай палітыцы Расеі не варта ісці шляхам, на які яе зараз штурхае сюзерэн, на шлях актыўнага ўдзелу ў расейска-ўкраінскай вайне. Бо гэты шлях згубны як для самой імперыі (пагражае ёй разбалансіроўкай сацыяльна-эканамічных працэсаў унутры краіны з перспектывай развалу), так і для Татарстана (вядзе да разбазарвання генафонду і ладу жыцця, уласцівага 90-м гадам мінулага стагоддзя).

Ці пачуе мяне кіраўніцтва РТ, ці захоча пачуць мае заклікі? Не, не стане слухаць і не захоча прыняць да ўвагі мае засцярогі. Яно, уласна, таму сюзерэнам і ўхвалена, што стане слухаць не крытыканаў з-за бугра (няхай яны будуць хоць гуманістам Махатмай Гандзі і вяшчункай Касандрай у адной асобе), а безапеляцыйныя загады з Крамля, хай яны хоць у прорву вядуць простых татар з вёсак і гарадоў «незалежнай» Рэспублікі. Яе Кіраўніку на лёс гэтых татараў напляваць, і членам рэспубліканскага ўрада напляваць! Яны свой асабісты лёс з радасцямі і бедамі сваіх землякоў не звязваюць, для іх Татарстан – гэта тэрыторыя, з якой яны атрымліваюць прыбытак, дзе зарабляюць грошы. Ёсць выгада (прыбытак, грошы) – жывеш сярод татараў, няма грошай – прыходзіш да сюзерэна: «Верна служу, але страчана крыніца даходу. Прашу даць прытулак і стол!» Многія татарскія «старэйшыя людзі» ўжо стагоддзямі так робяць. Алгарытм правераны. Працуе! Урокі мінулага пацвярджаюць бясспрэчную ісціну, што выйгравалі тыя татары, што верна служылі не народу, а сюзерэну ў Крамлі. Прыкладаў процьма: Хан Касім у XV стагоддзі, Сімяон Бекбулатовіч у XVI, цэлыя сем’і татарскай шляхты – Мангіты, Аргіны, Джалаіры, Кіпчакі. Ішлі на службу да Маскоўскага цара, атрымлівалі прывілеі, вернападдана ваявалі і… станавіліся расейцамі.

А што ж было простым татарам рабіць? Які алгарытм прымяняць, якой дарогай ісці? Можна пайсці па шляху шляхты, вось толькі бяда – на ўсіх грошай, прывілеяў і выгод не напасешся. Таму «старэйшыя людзі» атрымлівалі пропуск у шчаслівае жыццё, а ўсе астатнія здавольваліся казкамі пра абавязак, наканаванне звыш і іншае глупства, закліканае аблегчыць рабскае існаванне. А каб народ не наракаў, яму прапаноўвалася за добрую працу атрымліваць драбкі з панскага стала, аздобленыя зноў жа разглагольстваннямі набытых мул і прыкормленых палітыкаў аб тым, што стабільнасць і парадак лепшыя і сытнейшыя за свабоду.

Сёння сапраўды гэтак жа прымяняецца старая ілжывая формула: «Забудзься на свой народ, адмаўляйся ад права на суверэнітэт, пазбаўляйся ад роднай мовы, назаві сябе расейцам, служы Маскве, ідзі забіваць па яе загадзе – і ў цябе ўсё будзе іскыткеч!» І многія татары і жыхары Татарстана на гэтую прынаду купляюцца. Натоўпамі валяць у ваенкаматы, займаюць чаргу на мабілізацыю, танчаць і спяваюць песні каля прызыўных пунктаў і ў аўтобусах, якія вязуць іх на забой на чужой вайне і ў чужой краіне, якая ім нічога дрэннага не зрабіла.

І якія ж перспектывы ў татарстанцаў і ў Рэспублікі Татарстан зараз? Не вельмі добрыя, а калі прама сказаць – дрэнныя. Частка мабілізаваных загіне, іншая вернецца дадому калекамі. Каму пашанцуе – з выпаленай душой вернецца да сем’яў і прывязе дадому халадзільнік або пральную машыну. Вось толькі невядома, у якую краіну яны вернуцца. Магчыма, гэта будзе новы Татарстан. І ці не атрымаюць нашыя служакі замест абяцаных ільгот турэмныя тэрміны за ваенныя злачынствы? Ці гэта будзе ранейшы Татарстан у ранейшай, але яшчэ больш закасцянелай у сваім фашызме Расеі, загнанай міжнароднымі санкцыямі ў рэжым найжорсткай рэгрэсіі да ўзроўню фізіялагічнага выжывання?

Не буду варажыць, але скажу, што адно бясспрэчна: цяперашні выбар татарскага народа і яго эліты на служэнне Беламу цару ў Крамлі – гэта выбар паміж дрэнным і яшчэ горшым. І ні да якога паляпшэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва рэспублікі не прывядзе. Татарскіх хлопцаў і мужчын выкарыстоўваюць, як брызентавыя рукавіцы, а іх сем’і ашукваюць. Маральную і матэрыяльную адказнасць за няправільны выбар і за ўсе беды будзе несці зусім не начальства. Цяжар нягод перакладуць на «простых» татараў.

Так што наперад, батыры! Начальства вам усё пакажа і раскажа, вы толькі слухайце і слухайцеся!

Татарстан, татары, Расея, імперыя, гісторыяТатарстан, татары, Расея, імперыя, гісторыя

Leave a Reply