Акупаваны ўкраінскі горад будуць аднаўляць на сродкі башкартастанскіх лекараў
Як вядома, з 19 траўня расейскія рэгіёны «прымалі шэфства» над муніцыпалітэтамі акупаванага Данбаса (дакладней, кіраўнікі рэгіёнаў прымалі рашэнне пра такое шэфства). Башкартастану дастаўся горад Хрустальны (Крэмль прынцыпова выкарыстоўвае яго савецкую назву – Красный Луч) у так званай ЛНР. Спачатку ўсё падумалі, што бюджэт рэспублікі, і гэтак далёкі ад пакрыцця ўсіх запатрабаванняў насельніцтва, будзе пераразмеркаваны на карысць украінскага горада, па якім прайшлася развязаная Крамлём вайна. Але аказалася, што спонсарамі аднаўлення Хрустальнага стане насельніцтва напрамую. У прыватнасці, медыкі – бо на іх ціснуць хіба што прасцей за ўсё.
Супрацоўнікаў бальніц у Башкартастане абавязваюць пералічыць частку свайго заробку ў дапамогу жыхарам горада «Чырвоны Прамень». Пра гэта распавядае Тэлеграм-канал «Вёрстка» са спасылкай на прафсаюз «Дзеянне».
Па даручэнні Максіма Забеліна, кіраўніка адміністрацыі кіраўніка рэспублікі, кіраўнікам медыцынскіх акруг накіравалі ўзоры заяў, якія павінны запоўніць медыкі. Прыбіральшчыцам трэба ўпісаць суму 200₽, сярэдняму медыцынскаму персаналу – 500₽, лекарам – 1000₽.
«Вёрстка» высветліла, што кіраўнікоў бальніц папрасілі даць справаздачу аб пералічаных сумах. У чатах супрацоўнікаў бальніц з’явілася наступнае паведамленне ад Міністэрства аховы здароўя: «Інфармацыю аб колькасці пададзеных заяў у суадносінах са штатнай колькасцю і агульнай суме пералічэнняў прашу адправіць па электронным адрасе». У Прафсаюзе медыкаў пацвердзілі, што ў бальніцы паступала такое распараджэнне.
Не выключана, што іншыя бюджэтнікі Башкартастана таксама стануць добраахвотна-прымусовымі спонсарамі аднаўлення Хрустальнага. Хаця наўрад ці грошы, якія ў іх літаральна выцягнуць з кішэні, прымусяць іх задумацца пра тое, за што ж даводзіцца плаціць.
Leave a Reply