Знік Шайгу
Міністр абароны Расеіі Сяргей Шайгу перастаў з’яўляцца ў публічнай прасторы з 11 сакавіка, гэта значыць яго не бачна 12 дзён з 28, што працягваецца вайна ў Украіне, паведамляюць расейскія СМІ.
Расейскія журналісты-расследвальнікі з выданняў “Медіазона” і “Агенцтва” адзначаюць, што Шайгу перастаў з’яўляцца ў публічным абшары з 11 сакавіка.
Звычайна Шайгу вельмі актыўны ў ЗМІ. З яго прыходам да Мінабароны рэзка павялічыўся штат прэсслужбы, і ведамства пачало надаваць вялікую ўвагу свайму публічнаму вобразу.
“Агенцтва” паведамляе, што да 11 сакавіка Шайгу з’яўляўся ў навінах амаль штодня.
У атачэнні Шайгу абмяркощваюць, што ён нездаровы – мае праблемы з сэрцам, кажа выданню знаёмы міністра.
Вядома, што апошні раз кіраўнік Мінабароны РФ з’яўляўся ў навінах 11 сакавіка. Маецца відэа, на якім Шайгу ўручае дзяржаўныя награды акупантам, якія бралі ўдзел у “спецыяльнай ваеннай аперацыі”.
18 сакавіка Шайгу згадваецца ў паведамленні на сайце Крамля, у якім гаворыцца, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін абгаварыў з пастаяннымі чальцамі Рады бяспекі “ход спецаперацыі ў Украіне”. Паводле паведамлення, на паседжанніі прысутнічаў і Шайгу. Відэа ды фатаграфій з паседжання не публікаваліся.
Па словах журналістаў, таго ж дня, 18 сакавіка, на Першым канале выйшоў сюжэт пра тое, як Шайгу ўручае ўзнагароды. У сюжэце гаворка ішла пра тое, што падзея адбылася “сёння”, аднак карцінка ў сюжэце супадала з відэа, апублікаваным на сайце Мінабароны 11 сакавіка.
Апошняя навіна ў профілі Шайгу на сайце Мінабароны таксама датаваная 11 сакавіка.
Паводле журналістаў, знік не толькі Шайгу. Пасля 11 сакавіка не паведамлялася і пра мерапрыемствы з удзелам кіраўніка генштаба Расеі Валерыя Герасімава.
Нагадаем: У Расеі пры ўладзе выступаюць за вайну толькі Пуцін і Шайгу, сцвярджае ўкраінская разведка.
Leave a Reply