Заява Лігі Свабодных Нацый адносна склікання З’езда народных дэпутатаў РФ у Польшчы

З адкрытых крыніц нам стала вядома аб ініцыятыве склікання З’езда народных дэпутатаў у горадзе Яблона, Польшча (4-7.11.2022). Дэлегаты З’езда абіраліся на міжнародна прызнаных выбарах прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса Расеі розных гадоў і розных узроўняў. Іх агульная платформа – непрыманне вайны паміж Расеяй і Украінай, якая пачалася ў 2014 годзе, а таксама гатоўнасць змяніць грамадска-палітычны лад, які ўсталяваўся ў РФ. Арганізатары мерапрыемства анансавалі прыняцце «Дэкларацыі аб канстытуцыйных прынцыпах Свабоднай Расеі пасля звяржэння пуцінскага рэжыму», «пераліку першачарговых рашэнняў постпуцінскага расейскага ўрада» і г.д.
Прымаючы да ўвагі дадзеную навіну:
🔹 Мы не можам не адзначыць таго факта, што выбары ў РФ зніклі задоўга да 2014 года. Нацыянальныя палітычныя партыі былі забаронены яшчэ за 13 гадоў да анэксіі ўкраінскага Крыма. Такім чынам, нягледзячы на тое, што РФ, паводле сваёй жа Канстытуцыі, з’яўляецца федэрацыяй, а большасць нацыянальных рэспублік у складзе РФ – дзяржавамі з уласнымі канстытуцыямі, парламентамі і ўрадамі – мы ўжо не першае дзесяцігоддзе пазбаўлены магчымасці прадстаўляць і абараняць свае інтарэсы ў прадстаўнічых органах улады.
🔹 Канстатуем, што РФ як дзяржава зайшла занадта далёка як у сваёй нацыянальнай палітыцы (ўздымаючы статус рускага народа як абранага са спецыяльным статусам у Канстытуцыі РФ), так і ў знешняй – цалкам знішчыўшы прававую прастору федэрацыі. На сёння не існуе дакладных і легітымных межаў РФ, няма і легітымных прадстаўнічых органаў – так як у Федэральным Сходзе прысутнічаюць «дэпутаты» і «сенатары», якія нібыта дэлегуюцца незаконна анэксаванымі чужымі тэрыторыямі.
Зыходзячы з адзначанага, мы, прадстаўнікі нацыянальных і рэгіяналісцкіх рухаў, аб’яднаных у Лігу Свабодных Нацый, заяўляем наступнае:
1. Мы не прызнаем ніякіх палітычных сіл і цэнтраў, якія будуць апраўдваць захаванне РФ у яе сучасным выглядзе. Мы не маем патрэбы ў арбітрах з Масквы – ні ад улады, ні ад апазіцыі. Мы адкрытыя для дыялогу і кантактаў толькі з тымі, хто публічна падтрымлівае права паняволеных народаў на стварэнне незалежных дзяржаў.
2. Пераўстанова РФ не можа адбывацца па прынцыпе «адрэзаць тое, што было захоплена сілай, і правесці новыя выбары». Справа не ў выбарах, а ў самой прыродзе расейскай дзяржаўнасці – яна імперская і выпраменьвае агрэсію да сваіх суседзяў. Гэта азначае, што мы, прадстаўнікі нацыянальных рэспублік і рэгіёнаў, маем права самастойна вызначаць свой лёс. Калі на пэўных землях ёсць дыскусія аб незалежнасці – няхай людзі самі правядуць гэтую дыскусію, няхай самі вырашаць, у якія канфедэрацыі або саюзы збірацца, без умяшання федэральных сіл – няхай гэта будзе ўлада або апазіцыя. Любыя спробы «міратворчасці», імкнення павучаць нас, як рэалізаваць права на самавызначэнне, будуць адкінуты намі, а пры дакучлівасці – атрымаюць сілавы адказ.
3. Працэс фармавання новай расейскай дзяржавы павінен быць добраахвотным і адбывацца выключна на базісе тых суб’ектаў, заканадаўчыя органы якіх выкажуцца за ўваходжанне ў новую федэрацыю. Усе федэральныя партыі, прадстаўленыя сёння ў федэральных органах улады, павінны быць забаронены як тыя, хто вызнае чалавеканенавісніцкую ідэалогію, што прывяла да шматтысячных ахвяр і мільённых патокаў бежанцаў. Дзеля гэтага заканадаўчыя органы суб’ектаў былой федэрацыі павінны быць пераабраныя дэмакратычна, шляхам адкрытага і таемнага галасавання пры ўдзеле нацыянальных і рэгіянальных палітычных партый. Ніякага ўваходжання ў «абноўленую Расею» аўтаматычна, «у спадчыну» быць не можа.
Зварот падпісалі прадстаўнікі нацыянальных рухаў:
Башкірскага
Руслан Габасаў, кіраўнік Башкірскага Нацыянальнага Палітычнага Цэнтра (БНПЦ)
Ільшат Кінзябаеў, член БНПЦ
Бурацкага
Раджана Дугар-ДэПантэ, прадстаўнік Бурацкага дэмакратычнага руху «Эрхэтэн» у ЗША
Казацкага
Вячаслаў Дзёмін, старэйшына Казацкага нацыянальна–вызваленчага руху
Айрат-калмыцкага
Арсланг Санджыеў, старшыня Кангрэса айрат-калмыцкага народа
Эрэнцэн Даляеў, намеснік старшыні Кангрэса айрат-калмыцкага народа
Батыр Барамангнаеў, намеснік старшыні Кангрэса айрат-калмыцкага народа
Уладзімір Даўданаў, намеснік старшыні Кангрэса айрат-калмыцкага народа
Альберт Шарапаў
Татарскага
Рафіс Кашапаў, Віцэпрэм’ер-міністр ураду незалежнага Татарстана ў выгнанні, адзін з сузаснавальнікаў руху «Свабодны Ідэл-Урал»
Фарыт Закіеў, старшыня Усетатарскага грамадскага цэнтра
Нафіс Кашапаў, Віцэпрэм’ер-міністр ураду незалежнага Татарстана ў выгнанні
Іршат Хабі
Чачэнскага
Хамзат Грозны, палітычны эмігрант у Францыі з Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя
Эрзянскага
Сырась Баляень
Віталь Рамашкін
Ажамасонь Кірдзя
Leave a Reply