Стылас і стылет
Падчас станаўлення разнастайных імперый наперадзе іх заўсёды ішлі місіянеры — яны падрыхтоўвалі «глебу» ў галовах «тубыльцаў» да прыходу асноўных імперскіх сіл.
Маскоўскае царства не выключэнне, аднак, у адрозненне ад многіх еўрапейскіх імперый, маскоўскія місіянеры былі не толькі місіянерамі, але ваярамі-дыверсантамі і разведчыкамі.
Гэтакія «крыжакі» ў расе.
Калі ў 1668 годзе падкрамлёўская царква вырашыла змагацца з так званымі «стараабраднікамі», то яе «крыжаносцы» сумесна з царскімі стральцамі трымалі ў аблозе Спаса-Праабражэнскі манастыр на Салавецкіх астравах больш чым 8 гадоў, але усё ніяк не мелі магчымасці яго ўзяць і забіць інокаў, якія выступілі супраць царкоўнай рэформы. Бо гэта быў не проста манастыр, а сапраўдная ваенная крэпасць з 90 адзінкамі гармат і вайсковымі машынамі. Такія вось «святыя айцы» вельмі сур’ёзна ваявалі там паміж сабой за права ўплываць на імперыю.
Таму цяперашнія іх паводзіны — калі яны выступаюць не столькі ваеннымі капеланамі, колькі камбатантамі — не з’яўляецца чымсьці асаблівым.
Праваслаўная царква пад кіраваннем Масквы заўсёды была і будзе адным са сродкаў пабудовы імперыі. Менавіта яна будзе іграць адну з галоўных роляў у характары распаду імперыі і далейшых спроб яе аднаўлення.
Каб спыніць падобнае, магчымы толькі адзіны шлях — паставіць усе праваслаўныя епархіі ў рэспубліках перад выбарам: падпарадкаванне Маскоўскаму патрыярхату, што вядзе за сабой дзяржаўную забарону дзейнасці такой царквы ў рэспубліцы па артыкуле за «прапаганду тэрарызму», або пераход усіх гэтых цэркваў пад кіраўніцтва Сусветнага патрыярхата ў Канстанцінопалі/Стамбуле, са стварэннем незалежных ад Масквы аўтакефальных царкоўных адзінак.
Leave a Reply