«Наперадзе нас чакаюць нялёгкія часы»: татары супраць татараў
Татары – не маналітная маса. Галоўная «лінія водападзелу», якая будзе мець значэнне ў бліжэйшы час, – супрацьстаянне паміж імперцамі і рэгіяналістамі. Вось як гэта апісвае татарскі публіцыст Ленар Міфтахныкы.
У татарскім народзе сфармавалася дзве пазіцыі адносна будучыні Расеі, Татарстана і татарскага народа. Яны не яскрава выяўленыя, але ўсё ж іх контуры прасочваюцца, і яны дзеляць палітычна актыўных татараў на дзве нераўнамерныя групы.
Першыя – гэта галоўным чынам татары, якія пражываюць за межамі Татарстана – праславутыя 75% татарскага народа. Да яе ж адносіцца частка татараў Татарстана. У іх няма адзінага ўяўлення аб будучай Расеі, але ёсць адзіны погляд у мінулае. Расея ў іх уяўленні – спадчынніца Залатой Арды, у якой уплыў татараў, на іх думку, незаслужана прыніжаны. Татары ў іх разуменні павінны калі не кіраваць Расеяй, то прынамсі знаходзіцца ва ўладзе і мець больш высокі палітычны статус. Да Татарстана ў іх няма прыхільнасці, але поспехі рэспублікі безумоўна выклікаюць пачуццё гонару. Іх задавальняе аўтаномны статус рэспублікі, але так, каб без сепаратызму. Ім важна, каб расейцы, сярод якіх яны жывуць, не бачылі ў татарах пагрозы для існавання рускай імперыі і рускага народа.
Другія пражываюць галоўным чынам у Татарстане. Яны па-рознаму ставяцца да золатаардынскай спадчыны, але ўсё ж больш імкнуцца да гісторыі Волжскай Булгарыі і Казанскага ханства. Ім не абыякавы лёс татараў за межамі рэспублікі, але яны за павышэнне статусу Татарстана. Нехта з іх выступае за незалежнасць рэспублікі, а нехта бачыць суверэнны Татарстан у складзе канфедэрацыі, тыпу Еўрасаюза або ў складзе сапраўднай федэрацыі.
З часам гэтыя ідэалагічныя супярэчнасці будуць нарастаць. Гэта звязана з тым, што першая група татараў будзе выкарыстоўвацца Масквой для знішчэння рэспублікі і ўціску носьбітаў ідэй, якія прапагандуюць прадстаўнікі другой групы. Ніякага адзінства сярод татараў таму не будзе, зрэшты, яго і не павінна быць – колькі татараў, столькі і меркаванняў. Наперадзе нас чакаюць нялёгкія часы.
Leave a Reply