Матрыца расейскай гісторыі

Матрыца расейскай гісторыі

З самага пачатку існавання Маскоўскага княства галоўным клопатам яго кіраўнікоў было пашырэнне сваіх уладанняў. Уся гісторыя гэтага дзяржаўнага ўтварэння — бесперапынны працэс агрэсіі ў дачыненні да навакольных краін і народаў. Пра гэта распавядае «Кол Шәрыф».

Найбуйнейшым тэрытарыяльным набыццём маскоўскіх князёў у XV ст. былі наўгародскія землі. Пасля трэцяй Маскоўска-Наўгародскай вайны войскі маскоўскага князя Івана III пакарылі Наўгародскую рэспубліку.

Разам з прамаскоўскім арцыбіскупам Феафілам было арыштавана пяцьдзесят шляхетных наўгародцаў. Па загадзе Івана III іх катавалі, а затым пакаралі смерцю. Следам за імі схапілі яшчэ сто чалавек, якіх пасля катаванняў таксама забілі. Усю маёмасць пакараных вялікі князь канфіскаваў ва ўласную казну.

На гэтым рэпрэсіі не скончыліся. Маскоўскі ўрад прыступіў да масавай высылцы наўгародцаў на чужыну. У першую чаргу ў розныя гарады Масковіі адправілі тысячу сем’яў самых заможных наўгародцаў. Іх маёмасць зноў жа адышла ў казну Івана ІІІ. Яшчэ «праз некалькі дзён маскоўскае войска пагнала больш за 7000 сямействаў у Маскоўшчыну зімой, па марозе, не даўшы ім сабрацца, не дазволіўшы нічога ўзяць з сабою; іх дамы, іх нерухомая і рухомая маёмасць — усё зрабілася здабыткам вялікага князя. Многія сасланыя памерлі па дарозе; пакінутых рассялілі па розных гарадах, пасадам і сёлам Маскоўскай зямлі, а замест іх у Наўгародскую зямлю пасылалі для селішча масквічоў».

Чарговы ўдар па Вялікім Ноўгарадзе Іван III нанёс зімой 1483/84 года. Каля трыццаці шляхетных гараджан абвінавацілі ў здрадзе. Рушылі ўслед катаванні, турмы, выгнанні… Вялізную маёмасць найбагацейшых наўгародцаў вялікі князь, як і раней, адпісаў ва ўласнае карыстанне. Вольнай рэспублікі не стала. А месца наўгародскіх пасаднікаў і тысяцкіх занялі шматлікія маскоўскія намеснікі, прыслужнікі і дзякі.

Пасля гэтага некаторых найбольш нелаяльных баяраў пазбавілі зямельных уладанняў і разам з сем’ямі вывезлі ў Маскву і пакінулі там жыць. Заадно павезлі і наўгародскі вечавы звон — не проста спосаб склікаць народ на чарговы сход, але сімвал рэспублікі і свабоды. Іх землі запоўнілі беззямельныя маскоўскія служылыя людзі.

Рэпрэсіі супраць вальналюбных наўгародцаў працягнуліся і ў наступным. У 1488 г. сілком выселілі з Ноўгарада і адправілі на селішча ў розныя вобласці Маскоўскага княства каля васьмі тысяч баяраў, купцоў і іншых знакамітых грамадзян. Прычым пераследам падвяргаліся і тыя, хто прытрымліваўся прамаскоўскай арыентацыі і дапамагаў Івану ІІІ зацвердзіць сваю ўладу на Наўгародскай зямлі.

Высланых сялілі ў аддаленыя гарады, у кожным была невялікая колькасць людзей, каб падзяліць і «растварыць» сярод мясцовых — ва Уладзімір, Растоў, Мурам, Кастраму і інш. На новых месцах яны, як правіла, станавіліся радавымі служылымі людзьмі.

Наўгародскі міжнародны гандаль быў для Масквы прынадным кавалкам. Іван III вырашыў узяць яго цалкам у свае рукі. Як? Без задум. Ён загадаў выселіць з Ноўгарада ўсіх купцоў, а на іх месца перасяліць маскоўскіх. Што з гэтага атрымалася? Толькі тое, што магло здарыцца. Маскоўскія купцы, якія гандлявалі на абшарах Русі, абвыклі абапірацца на дапамогу ўсёмагутнага вялікага князя. У Ноўгарадзе масквічы павялі сябе так, як у якім-небудзь падуладным Маскве гарадку, і сталі ўціскаць ганзейскіх купцоў.

Не звяртаючы ўвагі на петыцыі з Ганзы, Іван III паступіў з нямецкімі купцамі, нібы з халопамі, якія правініліся. У 1494 годзе ўсіх ганзейцаў, якія ў той час знаходзіліся ў Ноўгарадзе, арыштавалі і кінулі ў турму. У іх адабралі ўсю маёмасьць і тавары, якія адразу адправілі ў Маскву. Ганзейскі гандлёвы двор быў канфіскаваны і зачынены.

Здарэнне выклікала ў Германіі шок. Ганза панесла велізарныя страты, а самае галоўнае — раптоўна і, з пункту гледжання ашчадных немцаў, зусім беспадстаўна, страціла ўсе векавыя гандлёвыя сувязі з Усходам, якія Масква рассекла, нібы адным ударам сякеры.

Разрыў гандлёвых стасункаў з Ганзай вельмі хутка і балюча ўдарыў па самой Маскве. Яна страціла немалыя даходы ад гандлёвых пошлін, а таксама заходнія тавары, якія замяніць не было чым. Гандлёвыя адносіны з Ганзай былі адноўлены толькі пасля смерці Івана III. Яго пераемнік, Васіль III, дазволіў ізноў адкрыць у Ноўгарадзе нямецкі гандлёвы двор. Аднак заняпад Ноўгарада быў ужо незваротны.

Заваяваць Ноўгарад Маскве дапамог Пскоў. Здарылася гэта праз чарговы канфлікт, які ў той момант узнік паміж дзвюма рэспублікамі. Замест таго, каб дапамагчы наўгародцам абараніць волю, жыхары Пскова пайшлі на саюз з Масквой.

Масквічы па звычаю, які ўжо склаўся да таго часу, адплацілі сваім саюзнікам тым, што далучылі іх землі да сваіх уладанняў.

Спачатку жыхары Пскова, прызнаўшы Івана III сваім гасударам, называлі сябе яго халопамі на словах, але вельмі хутка ператварыліся ў рабоў на справе. Вялікі князь, паставіўшы на чале Пскова масквічоў, выселіў пскоўскую шляхту ў глыб Масковіі. Пскоўшчыну ён засяліў выхадцамі з іншых земляў.

Такая сутнасць расейскай унутранай і знешняй палітыкі. Такое стаўленне расейскай улады як да ўласнага народа, а яшчэ горш — да тых народаў, якія апынуліся пад яе ўладай.

Корреспондент

Leave a Reply