Еўрапарламент просяць не абмяркоўваць лёс расейскіх тэрыторый за спінай паняволеных народаў
Ліга Свабодных Нацый, якая аб’ядноўвае паняволеныя Масквой народы ў іх барацьбе за рэалізацыю права на самавызначэнне, звярнулася да прэзідэнта Еўрапарламента Роберта Мацоле.
«Нам стала вядома пра рыхтуючуюся сустрэчу апазіцыйных рускіх груп у эміграцыі з кіраўніцтвам Еўрапарламента. На жаль, ужо не першы раз мы атрымліваем інфармацыю аб тым, што так званыя «добрыя рускія» праводзяць сустрэчы з заходнімі палітыкамі, выступаючы ад імя ўсіх тэрыторый, якія ўваходзяць сёння ў склад РФ. Таму мы вымушаныя зрабіць публічную заяву», — паведамляе прэс-служба Лігі Свабодных Нацый.
Прадстаўнікі Лігі звяртаюць увагу кіраўніцтва Еўрапарламента на той факт, што этнічныя нярускія складаюць прыкметную частку насельніцтва РФ, а нацыянальныя рэспублікі займаюць вялізную тэрыторыю федэрацыі — але голас аўтахтонных народаў РФ ігнаруецца і сістэматычна глушыцца.
У арганізацыі абураныя тым, што рускія апазіцыйныя колы ў эміграцыі публічна выступаюць ад імя ўсіх тэрыторый і ўсіх народаў РФ, не маючы на тое прадстаўнічага мандата: «Любыя перамовы ў дачыненні да тэрыторый, якія сёння знаходзяцца пад уладай Масквы, павінны праходзіць з нашым удзелам — татараў, башкір, бурат, якутаў, калмыкаў, чачэнцаў, эрзян, макшан, казакоў, а таксама прадстаўнікоў іншых народаў і рэгіяналісцкіх рухаў».
Аўтары звароту сцвярджаюць, што рускія апазіцыйныя палітыкі ў эміграцыі могуць прадстаўляць саміх сябе, аднак ніводны з нацыянальных рухаў, ні адзін нацыянальны прадстаўнічы орган не даваў ім мандат на прадстаўніцтва інтарэсаў паняволеных народаў.
«Дыялог «пра Расею» з прадстаўнікамі маскоўскіх элітаў або контрэліт за спінай народаў Паўночнага Каўказа, Ідэль-Урала, Сібіры, а таксама іншых маскоўскіх калоній незваротна прывядзе да радыкалізацыі сітуацыі. Людзі атрымаюць выразны сігнал ад еўрапейскіх палітыкаў: размаўляць з масквічамі аб нашых землях і нашых багаццях — гаварыць за нашай спінай», – рэзюміруюць сябры Лігі Свабодных Нацый.
Нагадаем, што 11 лістапада адбылося першае паседжанне Клуба Свабодных Нацый — дыскусійнай пляцоўкі для ўзаемадзеяння нацыянальных і рэгіянальных рухаў РФ з еўрапейскімі палітыкамі. Вёў сустрэчу намеснік Міністра замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Мантас Адаменас. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Ліга свабодных нацый.
Leave a Reply