Ці будзе Новая Расея фашысцкай?

Ці будзе Новая Расея фашысцкай?

У свеце новых павеваў у расейскім дзяржаўным генэзе ўзнікаюць пытанні, якія бударажаць прытомнасць абывацеля. Вось Вялікі Пу падпісвае ўказ аб далучэнні да РФ новых тэрыторый. Вось частка гэтых тэрыторый тут жа, не пытаючы, ідзе назад ва Украіну. Вось прыдворны вяшчальнік Пяскоў агучвае новую дактрыну збірання земляў: «Забярэм столькі, колькі зможам, але пакуль самі не ведаем, колькі гэта. Будзем раіцца з насельніцтвам тэрыторый». У гэты час у медыяпрасторы актыўна абмяркоўваецца гіпатэтычны распад Расеі праз развал механізму дзяржкіравання, прыкметы якога ўжо ў наяўнасці. Той жа Кадыраў, напрыклад, заяўляе, што Расея, маўляў, вялікая і багатая, але парадку ў ёй, прабачце, няма. Таму ён пойдзе крыху адрозным ад расейскай дзяржавы шляхам – мабілізацыю праводзіць не будзе, насуперак закону, прынятаму Дзярждумай.

Разлёт меркаванняў аб будучым «ПостРасеі» шырокі і разнастайны – ад парада суверэнітэтаў нацыянальных утварэнняў да расейскага нацыянал-сацыялізму ільінскага толку. Так, цяпер некаторыя ўспамінаюць Івана Ільіна, які стагоддзе таму прапаноўваў рэфармаваць дзяржаву ў самую што ні на ёсць фашысцкую дзяржаву. Карыстаючыся выпадкам, абнаўляем у памяці біяграфію пасажыра «філасофскага парахода».

Ільін Іван Аляксандравіч (1883-1954) – расейскі філосаф, пісьменнік, публіцыст. Нарадзіўся ў Маскве, Расейская імперыя. Ідэолаг Расейскага агульнавайсковага саюза. Гегельянец, адзін з ідэолагаў расейскага месіянства і фашызму, крытык камунізму і калектыўнага Захаду. Быў у складзе рэйсаў нямецкіх пасажырскіх параходаў «Обербюргермайстар Гакен» (29-30 верасня) і «Пройсен» (16-17 лістапада) 1922 года, якія сілай вывозілі на Захад выгнаных з Петраграда ў Шчэцін больш за 160 навукоўцаў, пісьменнікаў, філосафаў, прафесараў вышэйшых устаноў краіны. Памёр у Швейцарыі. Аказаў уплыў на светапогляд расейскіх правых мысляроў і палітыкаў, у прыватнасці, Аляксандра Салжаніцына. Часта цытаваўся Уладзімірам Пуціным.

Хтоські цалкам сур’ёзна разглядае словы «пасажыра» пра немагчымасць рэфармавання/фрагментацыі расейскага дзяржаўнага механізму: «Раздзяленне яго з’явілася б нябачанай яшчэ ў гісторыі палітычнай авантурай, згубныя наступствы якой чалавецтва панесла б на доўгія часы». Нешта падобнае мы, здаецца, чулі ад прэзідэнта Пуціна. Ён казаў пра «найвялікшую трагедыю ХХ стагоддзя» – распад СССР.

Чаму так супадаюць думкі Ільіна і Пуціна? Мне здаецца, адказ просты: абодва з’яўляюцца фашыстамі.

Зноў напрошваецца пытанне: чаму ў Расеі, што б яна ні будавала, заўсёды выходзіць імперыя ў фашысцкім варыянце?

Тыя ж дзекабрысты, жадаючы скінуць цара і будаваць новае грамадства, ведаеце, што прапанавалі? Імперыю без імператара, але з такой жорсткай цэнтралізацыяй і таталітарызмам, з такім высочваннем і прыгнечваннем іншадумства, такой экспансіяй, што Мусаліні з Франка проста адпачываюць. Толькі так! Дзяржава на чале з правадыром, ідэя нацыянальнай выключнасці, адзіная дзяржаўная рэлігія, культ сілы, падпарадкаванне або фізічная ліквідацыя нязгодных.

Па-іншаму, нажаль, расейцы не ўмеюць… Але сказаць, што яны не спрабавалі, нельга. Быў Самазванец, які з’явіўся ў Маскве з палякамі ў Смутны час. Спрабаваў, фантазёр, насадзіць асновы еўрапейскіх поглядаў – яго разарваў натоўп. Быў Аляксандр Першы Бацьказабойца (той, што санкцыянаваў фізічную ліквідацыю свайго «цяценькі» – імператара Паўла Першага (яшчэ аднаго, кажучы па-сучаснаму, паўрэфарматара-паўфашыста)). Потым яшчэ быў Аляксандр Другі Вызваліцель – найбольш паспяховы расейскі цар. Ён настолькі далёка прасунуўся ў рэфармацыі расейскіх сацыяльна-эканамічных і адміністрацыйных джунгляў, што насельніцтва не змагло больш вытрымліваць разгулу лібералізму і дэмакратыі заходняга толку і адправіла Вызваліцеля на той свет. Ну не трывае расейскае народнае ўлонне перасадкі донарскіх заходніх органаў. Не прыжываюцца яны, адбываецца бялковая несумяшчальнасць і імуннае адрыньванне. І ніякая гарманальная тэрапія не дапамагае.

Цяпер за спіной нашага Прэзідэнта стаіць партыя вайны, якая закладае на кон усё сваё рухомае і нерухомае, маральнае і матэрыяльнае… Пройгрыш раўназначны смерці! Ідэі расейскага фашызму лунаюць у паветры і бачацца самай прыдатнай мадэллю існавання ПостРасеі, якая дазваляе выратавацца. У выпадку няўдач на фронце і пагрозы каскаднага распаду дзяржавы партыя вайны будзе спрабаваць рэалізаваць сцэнар пабудовы новага варыянту Расеі – на думку аўтара, ён можа быць блізкі да ільінскага.

Насельніцтва гатова гэты варыянт «схаваць». Бо не будуць жа яму казаць «будуем фашызм»! Скажуць, але нешта новае, добрае, народна-дэмакратычнае. Але толькі «расейскае» народна-дэмакратычнае. Будзьце пільныя з гэтым словам. Калі стануць націскаць на расейскасць, значыць, зноў за кошт татараў з башкірамі, за кошт якутаў, буратаў, тувінцаў, народаў Каўказа…

Зразумела, ім быццам аб’явяць, што яны таксама расейцы на сто адсоткаў, такія ж, як і ўсе. Але гэта для таго, каб кінуць іх у якую-небудзь новую вайну ці зрабіць сыравінай для новага сацыяльнага эксперымента. І самыя выгадныя ўмовы пераўтварэння Радзімы будуць прапанаваны менавіта партыяй вайны, якая ратуецца ад краху. Пра тое, што гэта фашызм, ашуканыя зразумеюць пасля.

Таму нікому не верым, нічога не баімся, нічога не просім. Рыхтуемся браць усё ў свае рукі!

І ўспамінаем Бертальда Брэхта: «Яшчэ пладаносіць здольнае чэрава, якое выношвала гада!» Гэта ён пра фашызм. І да Расеі гэта таксама падыходзіць!

Корреспондент

Leave a Reply