Аляксандр ІІ Навальны ці Рамзан Джугашвілі?
Многія аглядальнікі-міжнароднікі выказваюць думку, што ў выпадку ваеннай паразы Расеі ва Украіне і наступнага перыяду нестабільнасці з перспектывай верагоднага развалу РФ, да ўлады ў краіне могуць прыйсці зусім не лібералы-імперцы, а яшчэ больш ашалелыя шавіністы з адкрыта фашысцкімі поглядамі. Пры гэтым разглядаецца варыянт сыходу Пуціна ў цень і вылучэнне на ролю Збавіцеля Айчыны Рамзана Кадырава. Малаверагодна? Няхай так, але скажыце, хто зможа нешта запярэчыць, калі сілавікі на чале з напалоханым Пуціным захочуць такім шляхам захаваць сваю краіну-кармушку? На ролю ката ўсяе Русі кандыдат цалкам падыходзіць, і гатоў асабістыя гарантыі даць. Чачэнцы слова трымаць умеюць.
Уявім сабе, Кадыраў-цар перацягвае ў Маскву ўсю Чачню (а тое, што жыхары Чачні ўсё, як адзін, нягледзячы на палітычную афарбоўку, падтрымаюць земляка, можна не сумнявацца). “Навесці парадак” Рамзан Ахматовіч здолее. Нязгодным не тое што рот заткне – язык адрэжа. На фронт пагоніць усіх без выключэння, вайна зацягнецца надоўга. І гэта выдатная падстава толькі ўзмацняць жорсткасць рэжыму, падшукваць саюзнікаў і ствараць новыя кааліцыі з такімі ж краінамі-парыямі. Гуляць у абраную гульню можна вельмі доўга, запас трываласці захоўваецца.
Вось і будзе валадарыць такі сабе абноўлены Сталін, па якім і цяпер плача палова Расеі. Яны яшчэ і радавацца будуць. Дарэчы, падтрымку ён можа чэрпаць і сярод мусульманскай абшчыны Расеі, частка якой здолее (каго абяцанкамі будаўніцтва Вялікага Халіфата, каго выдатным кар’ерным узлётам, каго пагрозамі і жорсткасцю, каго банальна грашыма) схіліць на свой бок. Расейцам будзе адведзена дэкаратыўная роля “тытульнай нацыі”, а фактычна іх пакінуць тымі ж рабамі, што яны і зараз ёсць. Самых хартоў з тых, хто называе сябе расейцамі, проста знішчаць або зламаюць, інтэлігенцыю “замятуць пад дыван”, адправіўшы ў “лагеры перавыхавання”. Увогуле ўсё стане развівацца па тым жа шляху, што і заўсёды было на Расеі, але толькі цвярдзей, бескампрамісней і без аглядкі. Я б нават сказаў, ліха і малайцавата (каўказцы любяць сябе паказаць, прад’явіць публіцы доблесць і геройства) надоўга паставяць Расею-матухну ракам.
Так што імперац-ліберал Навальны і но паплечнікі – гэта не самы дрэнны выбар. З ім можна абмаўляць праблемныя кірункі палітыкі. У выпадку нязгоды – апеляваць да міжнародных аўтарытэтаў, падаваць у міжнародныя суды, прыцягваць на свой бок прагрэсіўных палітыкаў-расейцаў. Варта спадзявацца, што пры лібералах стануць хоць колькі прыслухоўвацца да меркавання нязгодных. Хоць колькі-небудзь наблізяць працэдуру выбараў да ўстояных міжнародных стандартаў, а суды – да прынцыпаў непадкупнасці і справядлівасці. З’явіцца надзея на пробліскі сапраўднага самакіравання на месцах, а ў перспектыве – заяўка на развіццё сапраўднай дэмакратыі. Мае здагадкі будуюцца на дапушчэнні магчымасці “пралангаванага распаду імперыі”, дзе працэсы не, не трансфармацыі, а менавіта распаду будуць падточваць асновы на працягу шэрагу гадоў. Дзе нацыянальныя ўтварэнні стануць адкусваць ад пірага імперскага суверэнітэту па частках, выгрызаючы права на самастойнае жыццё, як гэта было з Брытанскай імперыяй.
Але ў нашым выпадку трэба памятаць галоўнае: гіпатэтычная ліберальная РФ – гэта ўсё роўна не Вялікабрытанія.
Расейскаму рабу, як імперскаму падмурку, для таго, каб утрымацца ад самараспаду, патрэбен міф аб велічы, інакш, прачнуўшыся аднойчы раніцай і не знайшоўшы вакол сябе Вялікай Расеі, ад перспектывы бессэнсоўнага і нікчэмнага існавання яму хоць аб сцяну галаву расшыбі!
Таму нават ліберальныя імперцы наўрад ці пойдуць брытанскім шляхам і добраахвотна аддадуць права на самавызначэнне каланіяльным народам. Хутчэй за будуць эвалюцыянаваць або ў бок фашызму, або ў бок распаду.
Аб другім, кадыраўскім, варыянце і думаць не жадаецца. Гэта ўвасоблены ў рэальнасць кашмарны сон, хоць як альтэрнатыва распаду Вялікай Расеі можа шматлікіх вялікароскіх рабоў задаволіць.
Магчыма, паважаны чытач, вам абодва варыянты не даспадобы. Што і казаць, мне яны таксама мала падабаюцца. Таму абмоўлюся – прапанаваныя да разгляду варыянты развіцця падзей – толькі падстава для аналізу сітуацыі ў РФ напярэдадні магчымых змен. Будучыня ж нацыянальных утварэнняў у цяперашнім складзе нашай краіны залежыць у значнай меры ад нашай з вамі актыўнасці. Адчыняецца акно магчымасцяў. Сінхронны, моцны выступ са злабадзённымі патрабаваннямі ў такі момант мае больш шанцаў быць пачутым. У выпадку ж глухаты ўлады да пастаўленых вострых пытанняў актыўная частка насельніцтва рэспублікі, якая змагаецца, атрымлівае магчымасць разам з народам рэалізаваць сваё права змяняць дзяржаўны лад, форму праўлення і палітычны рэжым у рэспубліцы, вырашаць пытанне аб уступленні / не ўступленні ў міждзяржаўныя аб’яднанне і інш.
Калі момант будзе ўпушчаны, то, баюся, варта разглядаць верагоднасць жыцця ва ўмовах Цёмнай імперыі.
Нам толькі здаецца, што мы ўжо знаёмыя з усімі формамі фашызму. Насамрэч для чалавеканенавісніцкай творчасці тут яшчэ ўдосталь прастору.
Таму не празявайце момант, землякі. І галоўнае! Спыніце дробязныя разборкі! Узгадайце, як Сталін увесь Каўказ “памірыў”, усе адразу адзін аднаго абдымаць кінуліся, хаця працягвалі ўпотай дзьмуцца і злавацца. Ад такога “міру” да гэтага часу ўсім адно гора, але пад пагрозай калымскага канцлагера і не на такое пагодзішся.
Таму: чакаем, рыхтуемся, змагаемся і аб’ядноўваемся!
Leave a Reply