Партнёрства рускіх і татараў ці новае ўзяцце Казані?

Знакаміты татарскі нацыянальны дзеяч, паслядоўнік Гейдара Джамаля філосаф і публіцыст Руслан Айсін апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку навіну аб тым, што ў Стамбуле заснаваны новы рух «За свабодную Расею», куды ўвайшлі грамадзяне РФ, якія пражываюць зараз у Турцыі.
Старшынёй арганізацыі абраны чачэнскі палітык Руслан Кутаеў, намеснікам стаў сам Руслан Айсін.
У дэкларацыі руху асуджаецца развязаная вайна супраць Украіны, а таксама нацыянальная палітыка Пуціна, народы заклікаюць да барацьбы за свае правы.
Але цікава, што нідзе ў дэкларацыі няма ні слова аб незалежнасці нацыянальных рэспублік, у тым ліку Татарстана і Ічкерыі.
Адсюль узнікае пытанне: а ці сапраўды Руслан Айсін пераследуе мэты Татарскага нацыянальнага руху ці ў яго іншыя мэты і задачы?
Ёсць версія, што частка татарскіх ідэолагаў, сярод якіх і Руслан Айсін, распрацоўваюць для татарскай нацыі стратэгію другога імперскага народа Расеі.
Бо татары пераважна жывуць дысперсна на тэрыторыі Расеі, а ў самім Татарстане жыве менш за трэць ад усёй колькасці татараў. Адсюль выснова, што ўся тэрыторыя Расеі – гэта татарскі свет.
У прыклад бярэцца Аўстра-Венгерская імперыя, дзе венгры былі другім пануючым народам пасля аўстрыйцаў. У разгляданай мадэлі татары могуць быць партнёрамі, хай і малодшымі, у «перазагружанай Расеі».
Гэтую думку прапіхвае Казанскі Крэмль, эмісарам якога, як лічыцца, выступае Руслан Айсін.
У тых, хто сядзіць у Казанскім Крамлі, няма ніякага жадання ствараць незалежны Татарстан. Яны вельмі шмат сілаў уклалі ў інтэграцыю татарскай эліты ў федэральную ўладу на самым вышэйшым узроўні. Таму перад сучаснымі татарстанскімі элітамі можа паўстаць пытанне аб пошуку новай ролі татараў у «цудоўнай імперыі будучыні», а зусім не аб незалежным Татарстане ў свеце пасля Расеі.
Адсюль і прадстаўленая пляцоўка ў Стамбуле для стварэння гэтай арганізацыі. Іншыя апазіцыйныя расейскія сілы ў Турцыі такой пляцоўкі для сябе выбіць не могуць.
Руслан Айсін таксама ў інтэрв’ю сайту «Азатлык» заявіў, што ён гатовы прымаць удзел у працы З’езда расейскіх дэпутатаў, які пройдзе ў Польшчы 4-7 лістапада. Лідары гэтага з’езда таксама стаяць за захаванне Расеі. Як пазіцыя Руслана Айсіна супастаўляецца з марай татарскага народа, які хоча вярнуць сваю незалежную дзяржаву, страчаную ім 500 гадоў таму?
Ужо зараз ідзе асіміляцыя нашага народа велізарнымі тэмпамі. Зразумела, што далейшае знаходжанне татараў у складзе Расеі смерці падобнае.
Чаму маўчаць іншыя лідары Татарскага нацыянальнага руху? Хочацца пачуць іх меркаванне па дзеяннях Руслана Айсіна.
Выказалася крытычна пад пастом Руслана Айсіна толькі паважаная Фаўзія Байрамава.
Стамбульская прэс-канферэнцыя па выратаванні Расеі небяспечная і тым, што яна пасылае забойныя сігналы ад імя паняволеных народаў свабоднаму свету. Калі татарскія інтэлектуалы падаюць мыліцы параненаму монстру – хто ва Украіне, ЗША, Еўропе, Турцыі стане сур’ёзна казаць аб незалежным Татарстане?
Leave a Reply